БЕЛ Ł РУС

Макрон: Зяленскі быў дэмакратычна абраны, у адрозненне ад Пуціна, які забівае сваіх апанентаў і маніпулюе выбарамі

21.02.2025 / 7:53

Nashaniva.com

Макрон таксама паведаміў, што ў бліжэйшы час наведае Вашынгтон, каб паспрабаваць пераканаць Трампа, што інтарэсы ЗША супадаюць з інтарэсамі еўрапейскіх саюзнікаў.

Эмануэль Макрон. Фота: Ludovic Marin / AP

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што ўкраінскі лідар Уладзімір Зяленскі быў дэмакратычна абраны, у адрозненне ад Уладзіміра Пуціна, які «забівае сваіх апанентаў і маніпулюе выбарамі». Такім чынам ён адрэагаваў на словы Дональда Трампа, які напярэдадні назваў Зяленскага «дыктатарам без выбараў», піша Бі-бі-сі.

«Ён прэзідэнт, абраны ў свабоднай сістэме. Гэтага нельга сказаць пра Уладзіміра Пуціна, які ўжо даўно забівае сваіх апанентаў і маніпулюе выбарамі», — адзначыў Макрон, адказваючы на пытанні карыстальнікаў інтэрнэту.

Макрон таксама паведаміў, што ў найбліжэйшы час наведае Вашынгтон, каб паспрабаваць пераканаць Трампа, што інтарэсы ЗША супадаюць з інтарэсамі еўрапейскіх саюзнікаў. Паводле яго слоў, праяўленне слабасці перад Пуціным можа ўскладніць адносіны з Кітаем і Іранам.

Макрон заявіў, што нявызначанасць у дзеяннях Трампа адносна трохгадовага ўварвання Расіі ва Украіну выклікае занепакоенасць, але адначасова стварае няпэўнасць і для Пуціна, што можна выкарыстаць для спрыяння перамовам.

Французскі лідар адказваў на пытанні карыстальнікаў сацыяльных сетак у рамках ініцыятывы французскага ўрада па павышэнні абазнанасці людзей аб уздзеянні вайны ва Украіне, ролі Францыі і зменах у палітыцы ЗША пасля ўступлення Трампа на пасаду.

Між тым прэс-сакратарка Белага дома Кэралін Левіт у чацвер пацвердзіла, што ў панядзелак Трамп правядзе сустрэчу з Макронам, а ў чацвер сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам.

Таксама Макрон заявіў, што не прымаў рашэння аб накіраванні войскаў ва Украіну «заўтра», а толькі ў выпадку спынення агню.

«Я не прымаў рашэння накіроўваць войскі ва Украіну ўжо заўтра — не. Тое, што мы разглядаем, — гэта адпраўка сіл для гарантавання міру, як толькі будзе дасягнута адпаведнае пагадненне», — сказаў ён.

Ананімная крыніца французскага агенцтва AFP у чацвер часткова пацвердзіла паведамленні брытанскай прэсы аб тым, што Вялікабрытанія і Францыя рыхтуюць план па размяшчэнні адносна невялікага сухапутнага кантынгенту ў тыле Украіны пры магутнай падтрымцы авіяцыі.

«Мы гаворым пра разгортванне, якое адбудзецца пасля спынення агню, — сказаў суразмоўца агенцтва. — Ідэя заключаецца ў тым, каб размясціць салдат на другой лініі, а не на фронце насупраць расійскіх войскаў. Гэта будзе спалучацца з шматнацыянальнай аперацыяй, у якой прымуць удзел не толькі еўрапейскія кантынгенты, але і сілы з іншых рэгіёнаў, якія будуць знаходзіцца на перадавой».

Паводле крыніцы, акрамя Вялікабрытаніі і Францыі, у гэтай аперацыі могуць удзельнічаць войскі з Даніі і краін Балтыі.

Чытайце таксама:

«Хлуслівая істота». У адказ на словы Трампа ўкраінскае грамадства згуртавалася вакол Зяленскага

Трамп назваў Зяленскага «дыктатарам без выбараў» і «сярэднім па паспяховасці комікам»

Фінскі дэпутат: Трамп даў Еўропе тры тыдні на згоду з капітуляцыяй Украіны. Інакш пагражае вывадам войскаў

Калі Амерыка здрадзіць Украіне, свет зменіцца незваротна

Трамп сцвярджае, што ЗША выдзелілі на Украіну значна больш грошай, чым Еўропа. Лічбы кажуць пра адваротнае

Каментары да артыкула