Беларус у Літве праз суд даказаў, што ён не пагроза нацыянальнай бяспецы
Беларускі актывіст Віктар Евілін, шматдзетны бацька, які з 2020 году жыве ў Літве, праз суд даказаў, што не нясе пагрозы нацыянальнай бяспецы краіны. Вышэйшы адміністрацыйны суд Літвы адмяніў рашэнне першай інстанцыі і стаў на бок беларуса, піша «Радыё Свабода».
Віктар Евілін
У мінулым годзе Дэпартамент міграцыі адмовіў Евіліну ў падаўжэнні дазволу на жыхарства, спасылаючыся на меркаваную пагрозу нацыянальнай бяспецы. Суд першай інстанцыі падтрымаў гэтае рашэнне, але калегія суддзяў вышэйшага адміністрацыйнага суду стала на бок актывіста, абапіраючыся на Канвенцыю па правах чалавека.
У рашэнні адзначаецца, што прымусовае раз'яднанне сям'і парушае права на павагу да сямейнага жыцця, тым больш што жонка Віктара і чацвёра дзяцей маюць літоўскія карані. Суд таксама ўлічыў палітычную актыўнасць Евіліна ў Беларусі і тое, што з 2020 году ён не вяртаўся на радзіму.
Увогуле ж сама праблема ўзнікла з-за таго, што з 1994 па 2013 год Віктар служыў у МНС.
За мінулы год пагрозай нацыянальнай бяспецы ў Літве былі прызнаныя 598 беларусаў.