У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі перастануць выдаваць архіўныя справы. Раней было спынена іх сканаванне
У карыстальнікаў архіва застаўся месяц, каб паспець адшукаць патрэбныя архіўныя дакументы.
Будынак архіва на вуліцы Крапоткіна ў хуткім часе чакае капітальны рамонт. Фота: Гугл Карты
На сайце Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі была апублікавана інфармацыя, што плануюць закрыць усе архівасховішчы, а таксама спыняць выдачу спраў наведвальнікам.
Прычынай называецца пачатак будаўніча-мантажных работ у рамках капітальнага рамонту будынка. Праца пачнецца ў 2-м квартале 2025 года, то-бок гэта можа адбыцца ўжо ў красавіку. Пра канкрэтную дату пачатку работ архіў абяцае паведаміць дадаткова. Плануецца, што капітальны рамонт зойме 5 месяцаў.
Чытальная зала НГАБ. Фота: Гугл Карты
Яшчэ ў красавіку 2024 года спынілі выкананне тэрміновых (пазачарговых) работ па лічбаванні дакументаў. А 26 жніўня 2024 года цалкам прыпынілі прыём заяў на сканаванне ад фізічных асоб. Хоць паведамлялася, што аднаўленне паслугі анансуюць дадаткова, з улікам хуткага пачатку рамонту скарыстацца ёй у найбліжэйшыя паўгода ці нават больш не атрымаецца.
Архівасховішча НГАБ. Фота: Sb.by
Прычынай спынення прыёму заявак ад грамадзян называлася планавая падрыхтоўка архіўных дакументаў да сканавання.
Яшчэ ў пачатку кастрычніка 2024-га па тэхнічных прычынах была прыпынена выдача спраў з фондаў у архівасховішчы №4, якая не адноўлена дагэтуль. На нейкі перыяд таксама спынялася выкананне біяграфічных запытаў ад грамадзян.
Туманныя фармулёўкі ў паведамленнях архіва насцярожваюць людзей, асабліва з улікам таго, што кіраваць беларускімі архівамі пасля 2020 года прызначалі ў асноўным былых сілавікоў. Напрыклад, паводле інфармацыі «Нашай Нівы», цяперашні дырэктар НГАБ Міхаіл Глушакоў, прызначаны ў жніўні 2023 года, доўгі час служыў у КДБ. Аднак, найбольш верагодна, што цяперашнія абмежаванні для карыстальнікаў архіва былі звязаныя з падрыхтоўкай да хуткага рамонту.