БЕЛ Ł РУС

Колішняму гродзенскаму піўзаводу выбралі назву і паказалі, як ён будзе выглядаць пасля рэканструкцыі

11.03.2025 / 23:01

Nashaniva.com

«Бровар Кунца» — такая назва з’явілася ў Instagram-профілі, прысвечаным рэканструкцыі комплексу былога гродзенскага піўзавода і палаца Агінскіх. Апублікавалі і рэндары для гістарычнага будынка, піша Hrodna.life.

Так можа выглядаць гродзенскі піўзавод пасля рэканструкцыі. Крыніца: ТРК «Гродна»

Новую назву для адроджанага комплексу былога піўзавода вырашылі пашукаць у канцы 2014 года. Для гэтага кампанія-інвестар збірала варыянты ад гродзенцаў на сайце піўзавода.

Цяпер будаўніцтва завершана на 75%. Канчатковы выгляд комплексу стане вядомы толькі пасля ўзгаднення ўсіх дэталяў з адпаведнымі інстанцыямі, удакладнілі на ТРК «Гродна».

Так можа выглядаць гродзенскі піўзавод пасля рэканструкцыі. Крыніца: ТРК «Гродна»

Будаўнікі заканчваюць мантаж даху, а таксама заліваюць падпорныя сценкі і ліфтавыя шахты, з дапамогай якіх звяжуць унутраны дворык піўзавода з вуліцай Заводскай.

Пасля спецыялісты плануюць прыступіць да мантажу флюгера і ўпарадкавання тэрыторый. Унутраны дворык упарадкуюць, а ад набярэжнай Нёмана да тэрыторыі комплексу зробяць бясшоўны пераход.

Так можа выглядаць гродзенскі піўзавод пасля рэканструкцыі. Крыніца: ТРК «Гродна»

У будынку размесцяць аўтэнтычную піваварню і захаваюць гістарычны антураж. Там пакажуць знойдзеныя падчас рэканструкцыі артэфакты: старыя бутэлькі, кегі, этыкеткі ад піва.

Так можа выглядаць гродзенскі піўзавод пасля рэканструкцыі. Крыніца: ТРК «Гродна»

Прастору завода злучаць з набярэжнай Нёмана. У найбліжэйшы час на будынку ўсталююць флюгер.

Асноўныя работы плануюць скончыць да канца 2025 года. Новы інвестар пачаў рэканструкцыю восенню 2021 года. Пасля пачатку работ праект змянілі, але на карысць спадчыны. З-за гэтага тэрміны будаўніцтва істотна зрушылі.

Чытайце таксама:

У Гродне збіраюцца завесці развадны мост, воднае таксі і месца для ёгі

«Кожную цагліну мы чысцім і пускаем у работу». Налета ў Гродне на месцы былога піўзавода адкрыецца турыстычны цэнтр

У Гродне збіраюцца аднаўляць «яўрэйскі квартал»

Каментары да артыкула