БЕЛ Ł РУС

«Амерыканскі Дугін». Як малавядомы блогер уплывае на важных фігур адміністрацыі Трампа

16.03.2025 / 16:16

Nashaniva.com

Ультрапаправы блогер Кёртыс Ярвін, заснавальнік філасофскага руху «Цёмнае Асветніцтва», стаў уплывовай фігурай у палітыцы ЗША. Пад уплывам яго ідэй знаходзіцца, у прыватнасці, віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс.

Кёрціс Ярвін. Скрын відэа: NYTPodcasts / YouTube

Кёртыс Ярвін (Curtis Yarvin) нарадзіўся ў 1973 годзе ў Брукліне. Яго дзядуля і бабуля былі камуністамі, з сям’і з габрэйскімі каранямі, бацька працаваў дыпламатам у Дзярждэпартаменце ЗША, а маці паходзіла з пратэстанцкай сям’і.

З ранніх гадоў Ярвін праяўляў выдатныя здольнасці да дакладных навук. У 1992 годзе ён скончыў Універсітэт Браўна, вывучаючы інфарматыку, а затым паступіў у аспірантуру Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Бэрклі. Аднак ён так і не закончыў навучання, аддаўшы перавагу кар’еры праграміста.

Ярвін працаваў у ІТ-кампаніях і ў выніку заснаваў праект Urbit — дэцэнтралізаваную вылічальную платформу, якая, паводле яго задумы, павінна была пераасэнсаваць сам прынцып працы інтэрнэту.

Яго погляды на кіраванне лічбавымі сістэмамі паступова ператварыліся ў палітычную філасофію, у якой ён стаў разглядаць дзяржаву як неэфектыўны праграмны код, які патрабуе радыкальнага перапісання.

З 2007 года пад псеўданімам Mencius Moldbug Ярвін пачаў весці блог Unqualified Reservations («Безумоўныя сумневы»), дзе ставіў пад сумнеў сутнасць сучаснай дэмакратыі. Ён прапанаваў канцэпцыю, паводле якой ліберальная дэмакратыя — гэта састарэлы механізм, замаскаваная форма таталітарызму, якой трэба пазбавіцца.

Замест дэмакратыі ён прапанаваў радыкальную мадэль — карпаратыўную манархію, дзе краінай кіруе не абраны народам прэзідэнт, а эфектыўны менеджар, падобны да кіраўніка паспяховай кампаніі. У яго ўяўленні дзяржава — гэта састарэлая аперацыйная сістэма, якая патрабуе поўнага абнаўлення.

Ярвін сцвярджае, што замест канкурэнтнага палітычнага працэсу, які вядзе да хаосу і нестабільнасці, неабходная ўлада, заснаваная на эфектыўнасці і тэхнакратыі. Яго тэорыя патранажу прапануе сістэму, у якой краінай кіруюць не дэмакратычна абраныя лідары, а кампетэнтныя эліты, што працуюць паводле прынцыпаў прыватнага кіравання.

Блог дзейнічаў да 2013 года, а ў 2016 годзе Ярвін абвясціў аб яго закрыцці. У 2020 годзе ён запусціў блог Gray Mirror на Substack, працягваючы развіваць ідэі, якія многія называлі «неарэакцыяй».

Уплыў на палітыку

Яго ідэі леглі ў аснову руху «Цёмнае Асветніцтва» (Dark Enlightenment), які адмаўляе эгалітарызм і заклікае да пабудовы больш «натуральнага» парадку, заснаванага на сіле, эфектыўнасці і тэхналагічнай перавазе.

Ідэі Ярвіна застаюцца актуальнымі не толькі ў інтэлектуальных колах, але і ў рэальнай палітыцы. Паводле The Guardian, ён мае ўплыў на адміністрацыю Дональда Трампа, у прыватнасці, на абранага віцэ-прэзідэнта Джэя Дзі Вэнса і іншых ключавых палітычных фігур.

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс. Фота: Brandon Bell / Getty Images

Некаторыя члены новай адміністрацыі падзяляюць яго ідэі пра дэмантаж дэмакратычнай сістэмы і замену яе больш аўтарытарнай мадэллю.

Сярод яго прыхільнікаў называюць Майкла Энтана (Michael Anton), які займае пасаду дырэктара па палітычным планаванні ў Дзярждэпартаменце. Энтан, як і Ярвін, скептычна ставіцца да традыцыйных дэмакратычных інстытутаў і лічыць аўтарытарнае кіраванне магчымай альтэрнатывай.

The Politico паведамляла, што Ярвін быў «неафіцыйным ганаровым госцем» на інаўгурацыйнай вечарыне Трампа, бо мае «велізарны ўплыў на правых прыхільнікаў» былога прэзідэнта.

Як адзначае The Guardian, пасля перамогі Трампа яго дзеянні і рыторыка, а таксама паводзіны яго памочнікаў, сталі нагадваць ідэі Ярвіна аб усталяванні аўтарытарнай улады ў ЗША.

У адным са сваіх падкастаў у 2021 годзе Ярвін выклаў план, паводле якога будучы амерыканскі аўтакрат павінен атрымаць уладу праз дэмакратычныя выбары, а затым рэалізаваць аўтарытарную праграму.

Ён лічыць, што новы лідар павінен: ачысціць федэральную бюракратыю; ігнараваць судовыя рашэнні, якія абмяжоўваюць уладу; абапіраючыся на народны рух, падпарадкаваць сабе Кангрэс; закрыць ліберальныя СМІ і ўніверсітэты.

Даследчык экстрэмізму Роберт Эванс (Robert Evans) падкрэслівае, што Ярвін не з’явіўся на пустым месцы. Ён выйшаў на правакансерватыўную медыйную сцэну, дзе ўжо дзесяцігоддзямі абмяркоўвалі «зло» ліберальных СМІ і «карумпаванасць» ВНУ і даследчых цэнтраў.

Галоўная асаблівасць Ярвіна — гэта яго ўменне «перапакоўваць» старыя рэакцыйныя ідэі і рабіць іх прывабнымі для моладзі з тэхналагічнай сферы, якая прытрымліваецца лібертарыянскіх поглядаў.

У выніку многія з гэтых людзей пачалі пераходзіць да радыкальна правых ідэалагічных пазіцый.

Чытайце таксама:

«Залаты век Амерыкі толькі пачаўся». Выступ Трампа перад Кангрэсам стаў самым працяглым у гісторыі

Маск загадаў усім федэральным чыноўнікам ЗША справаздачыцца, што яны робяць, або звольніцца

Чаго чакаць беларусам ад новага сусветнага парадку? Разважанні пра новую рэальнасць

Каментары да артыкула