БЕЛ Ł РУС

50 тысяч даляраў за квіткі: беларуска не можа трапіць на лячэнне ў Кітай праз шалёны цэннік авіякампаніі

21.03.2025 / 20:15

Nashaniva.com

Нечаканая хвароба перавярнула жыццё маладой жанчыны з Чэрвеня. У 36 гадоў яна страціла магчымасць хадзіць і нават сядзець. Нядаўна ёй сабралі грошы на аперацыю ў Кітаі. Але высветлілася, што для ляжачых пасажыраў квіткі каштуюць дзясяткі тысяч даляраў.

Валянціна Аўтуховіч. Скрыншот відэа ў інстаграме

Калі Валянціне Аўтуховіч было 36 гадоў, яна сутыкнулася з нечаканай праблемай са здароўем. Пачала моцна балець нага — маладая жанчына не магла хадзіць і нават сядзець. Трапіла ў бальніцу: кропельніцы, уколы, масажы — нічога не дапамагала. Увесь час прыходзілася ляжаць на жываце.

Праз паўтара месяца Валянціне зрабілі аперацыю, каб вырашыць пытанне з міжхрыбетнай грыжай. Пасля медыцынскага ўмяшання жанчына зноў пачала хадзіць — было цяжка, балюча, але дактары казалі, што так і павінна быць. Праз два тыдні жанчына адчула, што ногі пачалі нямець…

За апошнія чатыры гады Валянціна перажыла пяць аперацый. Цяпер яна мае інваліднасць першай групы. Яе дыягназ гучыць так: сіндром аперыраванага пазваночніка. Перасоўвацца маладая жанчына не можа нават у вазку, бо не можа сядзець.

Валянціна спадзяецца, што ёй змогуць дапамагчы дактары ў Кітаі. Яна распачала збор грошай на аперацыю ў той краіне. За дзевяць месяцаў атрымалася сабраць неабходную суму — 60 тысяч даляраў.

View this post on Instagram

A post shared by Валентина Автухович SBOR_СРЕДСТВ (@valya.help)

Здавалася б, самы складаны этап скончаны. Але раптоўна высветлілася, што пералёт па маршруце Мінск-Пекін-Мінск для ляжачага пасажыра каштуе амаль 50 тысяч даляраў.

Блізкія Валянціны ніяк не маглі паверыць у такі касмічны кошт і папрасілі ў авіякампаніі AirChine падрабязны каштарыс. Але цуду не адбылося: высветлілася, што сума была названа дакладна. Рэч у тым, што для авіякампаніі транспарціроўка ляжачага пасажыра значыць мноства спадарожных праблем — існуюць пэўныя патрабаванні для такіх сітуацый.

Каб перавезці такога чалавека, неабходна выкупіць для яго адразу ад 9 да 12 месцаў (у залежнасці ад правіл авіякампаніі). AirChina патрабуе выкупаць для ляжачага пасажыра 12 квіткоў. Кошт аднаго — 1900 даляраў (бо патрабуюць набываць самы дарагі варыянт з магчымых для эканома).

У каментарыях у інстаграме пытаюцца, чаму не разглядаецца варыянт ляцець «Белавія». Чалавек, які вядзе старонку, адказвае, што ў беларускай авіякампаніі няма прамога пералёту ў Пекін. Belavia лётае ў іншы кітайскі горад — Урумчы. Паміж Пекінам і Урумчы прыкладана 2800 кіламетраў. Ляцець з Масквы атрымліваецца танней, але вельмі складана арганізаваць усю лагістыку і зрабіць цярпімым доўгі шлях для ляжачага чалавека.

Прыехаць у кітайскую клініку Валянціне трэба ўжо напрыканцы мая, таму суму збору экстранна павялічылі на кошт квіткоў.

Чытайце таксама:

Інсульт у 33 гады: са стваральніцай беларускага брэнда драўляных сумачак здарылася бяда

Беларускі фатограф стаў ляжачым пасля кавіду. Ён просіць аб незвычайнай дапамозе

«Калі б не выклікалі хуткую, жыць мне заставалася некалькі гадзін». У 38-гадовай беларускі здарыўся інфаркт

Каментары да артыкула