БЕЛ Ł РУС

Беларусы будуць праектаваць метро ў расійскім Новасібірску

13.09.2025 / 19:56

Nashaniva.com

Прадпрыемства «Мінскметрапраект» будзе генеральным праекціроўшчыкам будаўніцтва метрапалітэна ў Новасібірску. Пра гэта паведаміла 13 верасня мэрыя гэтага расійскага горада.

Станцыя «Кастрычніцкая» Новасібірскага метрапалітэна. Фота: Wikimedia Commons

Дамоўленасць аб супрацоўніцтве падпісалі на Міжнародным форуме эканамічнага супрацоўніцтва, прымеркаваным да святкавання 958-годдзя Мінска. Дакумент падпісалі намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Чэрнікаў і першы намеснік мэра Навасібірска Іосіф Кадалаеў.

Згодна з дарожнай картай, супрацоўніцтва разлічана на 2025—2028 гады. У адпаведнасці з ёй, з кастрычніка 2025-га па май 2026-га павінна быць падрыхтаваная і зацверджаная перадпраектная дакументацыя, а ў 2026—2028 гадах будзе распрацаваная праектная і працоўная дакументацыя па будаўніцтве асобных участкаў метро.

Іосіф Кадалаеў адзначыў, што «Мінскметрапраект» ужо дапамагае Навасібірску ў сферы праектавання, а таксама падкрэсліў, што Мінск падтрымлівае ягоны горад у абнаўленні парку камунальнай тэхнікі.

Метрапалітэн у Навасібірску быў адкрыты ў студзені 1986 года, праз паўтара года пасля запуску метро ў Мінску. Сёння ў расійскім горадзе з насельніцтвам каля 1,6 мільёна чалавек дзейнічаюць дзве лініі з 14 станцыямі. У Мінску, дзе жыве каля 2 мільёнаў чалавек, працуюць тры лініі метро з 36 станцыямі.

Чытайце таксама:

У Баранавічах могуць пачаць зборку расійскіх цягнікоў

Гісторыя рэзананснай забастоўкі беларускага метро, якая 30 год таму ўзвар'явала ўлады

У Мінску не будуць зносіць некаторыя дамы з-за будаўніцтва трэцяй лініі метро

У мінскім метро папярэдзілі пра перабоі ў аплаце праезду карткамі

Каментары да артыкула