Германія перажывае самы зацяжны крызіс за пасляваенны час
Паводле ацэнак эканамістаў, ВУП краіны фактычна не расце з 2018 года, а беспрацоўе ў жніўні дасягнула трох мільёнаў чалавек — гэта максімум за апошнія 10 гадоў.
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц. Фота: AP Photo / Markus Schreiber
На думку даследчыкаў Інстытута эканамічных даследаванняў ifo, Германія цяпер перажывае самую доўгую эканамічную стагнацыю, піша Bild.
Паводле новага даследавання ifo, з 2015 года дзяржаўныя выдаткі выраслі на 25%, тады як інвестыцыі бізнэсу вярнуліся да ўзроўню дзесяцігадовай даўніны. ВУП краіны фактычна не расце з 2018 года, а беспрацоўе ў жніўні дасягнула трох мільёнаў чалавек — гэта максімум за апошнія 10 гадоў.
«Нямеччына знаходзіцца ў стане эканамічнага заняпаду. Сітуацыя ўжо стала драматычнай. Мільёны грамадзян ужо сутыкнуліся са зніжэннем узроўню жыцця», — заявіў кіраўнік інстытута ifo Клеменс Фуэст.
Эканаміст папярэджвае, што без структурных рэформаў Германіі пагражаюць дзесяцігоддзі стагнацыі і паслабленне сярэдняга класа. Фуэст заклікаў урад да вясны 2026 года прадставіць комплексны план рэформаў, які выходзіць за рамкі кааліцыйнага пагаднення. Сярод прапаноў — замарозіць выдаткі на сацыяльныя выплаты і рэзка скараціць бюракратычныя бар'еры для бізнэсу.
Генеральны сакратар ХДС Карстэн Лінеман падтрымаў пазіцыю эксперта.
«Мы павінны прыняць словы Фуэста сур'ёзна. Цяпер дэвіз павінен быць адзін — «спачатку сярэдні бізнэс». Усё астатняе павінна адысці на другі план», — сказаў ён у размове з Bild.
Раней мы пісалі, што прамысловасць Германіі абвалілася да ўзроўню 2005 года. А вытворчасць аўтамабіляў апусцілася да мінімуму з 2000 года.
Чытайце таксама:
Кітай атрымаў доступ да прамысловых сакрэтаў Германіі праз экспарт рэдказямельных металаў
У Германіі падарвалі вежы найстарэйшай атамнай электрастанцыі краіны