Расія прыдумала, як завабіць на фронт злачынцаў з розных краін
Паводле інфармацыі выдання «Ведомости», у Расіі падрыхтавалі папраўкі ў заканадаўства, якія забараняюць выдачу замежных грамадзян, што заключылі кантракт з Узброенымі сіламі РФ, на запыты іншых дзяржаў для крымінальнага пераследу. Адпаведныя змены ўжо падтрымала ўрадавая камісія па заканадаўчай дзейнасці.
Фота ілюстрацыйнае
Акрамя таго, расійскі ўрад падрыхтаваў яшчэ два законапраекты, якія рэгулююць перабыванне ў Расіі такіх іншаземцаў.
Адзін з дакументаў уносіць змены ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях. Паводле яго, іншаземцаў-кантрактнікаў не будуць выдвараць з краіны нават у выпадках, калі гэта прадугледжана законам. Замест гэтага ім могуць прызначыць штраф ад 1 да 50 тысяч расійскіх рублёў або абавязковыя работы тэрмінам да 200 гадзін.
Калі ж іншаземцы-кантрактнікі парушаць правілы падчас правядзення спартыўных спаборніцтваў, то ім могуць забараніць наведваць такія мерапрыемствы на тэрмін ад аднаго да сямі гадоў.
Чытайце таксама:
За Расію ва Украіне ваююць тысячы наймітаў з як мінімум паўсотні краін свету. Хто яны?