Гамяльчук патрабуе прыбраць «сметнік» з цацак каля пад'езда, але астатнім жыхарам так падабаецца
Жыхар шматпавярховіка ў Гомелі апынуўся ў даволі дзіўнай сітуацыі: проста каля пад'езда разраслася цэлая інсталяцыя з дзіцячых цацак. Ён лічыць, што тэрыторыя ператварылася ў сапраўдны сметнік, але ў ЖЭУ толькі разводзяць рукамі: іншыя жыхары не супраць такога ўпарадкавання, піша «Анлайнер».
Як кажа чытач, каля ўвахода ў будынак утварыўся сапраўдны заапарк: дзясяткі плюшавых львоў, мядзведзяў, конікаў суседнічаюць з пластыкавымі хаткамі для лялек, машынкамі, посудам. Частка мяккіх цацак прыбітая цвікамі да дрэў, частка проста стаіць на зямлі. Многія ўжо старыя, выцвілыя або паламаныя.
Мужчына называе гэтае месца сметнікам і баіцца, што калі нічога не мяняць, то канструкцыя будзе толькі разрастацца.
«Я звяртаўся ў службу 115 — заяўку перадалі мясцоваму ЖЭУ. Камунальнікі правялі апытанне сярод жыхароў — ніхто не супраць такога ўпарадкавання (гэта пацвярджае і апытальны ліст, які мае рэдакцыя «Анлайнера», — у ім распісаліся 22 чалавекі). Так што ў ЖЭУ мне сказалі, што прыбіраць нічога не будуць. Скардзіўся я і ў санстанцыю, але там таксама нічога не могуць зрабіць: нібыта гэта не бытавое смецце, а проста цацкі».
Рэдакцыя «Анлайнера» папрасіла юрыста пракаментаваць, наколькі падобныя «ўпрыгажэнні» наогул законныя.
Спецыяліст тлумачыць, што правілы карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 мая 2013 года №399, адназначна забараняюць загрувашчваць калідоры, праходы і любыя дапаможныя памяшканні.
У двары жыхарам, вядома, не забаронена праяўляць ініцыятыву, але ёсць важныя ўмовы:
- творчасць не павінна перашкаджаць іншым жыхарам;
- не павінна псаваць знешні выгляд тэрыторыі;
- і самае галоўнае — не павінна парушаць патрабаванні пажарнай бяспекі і санітарных нормаў.
Калі з'яўляецца незадаволены сусед (у гэтым выпадку ён ёсць), то ЖЭУ абавязана адрэагаваць: пагутарыць з жыхарамі, скласці акт, а пры неабходнасці — прыбраць і ўтылізаваць ўсё лішняе. Калі ж камунальныя службы не робяць дзеянняў, чалавек мае права ісці далей — у выканкам ці ў суд, падкрэслівае юрыст.
Чытайце таксама:
У Слуцкім раёне з саламяных цюкоў зрабілі «Алею памяці» ФОТАФАКТ
На Тайвані валанцёр музея знішчыў твор сучаснага мастацтва, працёршы люстэрка ад пылу
У Слуцкім раёне невядомыя выкапалі туі з могілак. І гэта не адзіная для іх праблема