Вярхоўны суд не будзе караць чалавека, калі той мацюкнецца, спатыкнуўшыся аб бардзюр
У Вярхоўным судзе растлумачылі, калі выкарыстанне нецэнзурнай лексікі можа лічыцца дробным хуліганствам. Суддзя Дзмітрый Улога адзначыў, што любыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак і сведчаць пра яўную непавагу да грамадства, у тым ліку лаянка ў грамадскім месцы, трапляюць пад такую кваліфікацыю. Але ёсць і нюансы, піша БелТА.
Фота ілюстрацыйнае
Па словах Дзмітрыя Улогі, калі грубую нецэнзурную лаянку чуюць іншыя людзі, гэта павінна разглядацца як дробнае хуліганства. За першае паўгоддзе 2025 года за такія правапарушэнні аштрафавалі больш за 4 тысячы чалавек, і больш за палова выпадкаў была звязаная менавіта з лаянкай. Гэта абвяргае сцвярджэнні, што за лаянку нібыта перасталі прыцягваць да адказнасці.
Аднак не кожнае нецэнзурнае слова аўтаматычна з’яўляецца хуліганствам. Каб лічыць яго такім, павінен быць шэраг прыкмет: дзеянне здзейснена свядома, у грамадскім месцы і дэманструе непавагу да іншых. Напрыклад, выпадковая лаянка чалавека, які спатыкнуўся ў пустым цёмным завулку, наўрад ці пацягне за сабой адказнасць.
Суд у кожнай сітуацыі ацэньвае абставіны: як і пры якіх умовах гэта адбылося, як успрынялі іншыя. Закон дазваляе караць за дробнае хуліганства, калі паводзіны былі паказныя і парушалі спакой грамадзян.
Калі ж суддзя прыходзіць да высновы, што парушэнне нязначнае і істотна не закранула іншых людзей, ён можа абмежавацца папярэджаннем. Дзмітрый Улога падкрэсліў, што нецэнзурная лексіка ўсё адно непрымальная і ў грамадстве важна выхоўваць негатыўнае стаўленне да такіх паводзін.
Чытайце таксама:
Мінчука пасадзілі на 10 сутак за тое, што паўдзельнічаў у конкурсе трэш-блогера Mellstroy
У Беларусі «возьмуць пад кантроль» лексіку рэкламы, назваў устаноў і найменняў тавараў