БЕЛ Ł РУС

«Наіўна спадзяваліся зарабляць у Еўропах, прыязджаць дадому лячыць зубы на халяву і здаваць кватэру». Прапаганда пачала апраўдваць дарагія жыроўкі для «дармаедаў»

17.11.2025 / 17:57

Вінцэсь Клепачэня

У Беларусі з 1 кастрычніка памяняўся парадак разліку платы за жыллёва-камунальныя паслугі для незанятых у эканоміцы грамадзян. У сацыяльных сетках людзі абурыліся вялікім коштам і несправядлівым, на іх думку, падыходам. У адказ дзяржаўныя СМІ выступілі з тлумачэннямі і апраўданнямі.

Асноўны ўдар па крытыках узяла на сябе газета «Мінская праўда», на старонках якой выйшла адразу два артыкулы на гэтую тэму.

Першы матэрыял, напісаны журналісткай Варварай Марозавай, уяўляе сабой агляд рэакцый у сацсетцы Threads. Аўтарка адразу акрэслівае сваю пазіцыю, з іроніяй заўважаючы:

«Відаць, грамадзяне наіўна спадзяваліся, што будуць зарабляць у Еўропах, прыязджаць дадому лячыць зубы на халяву і здаваць кватэру, а падаткі пры гэтым не плаціць».

Марозава коратка тлумачыць сутнасць змен: калі ўласнік жылля прызнаны «не занятым у эканоміцы», то ацяпленне, падагрэў вады і газазабеспячэнне для ўсіх яго кватэр разлічваюць па поўным тарыфе. Пасля гэтага яна развівае свой асноўны тэзіс:

«І тут у незанятых «падгарэла»: яны ж працуюць! Падаткі, праўда, плацяць недзе там, але ніякага парадоксу ў гэтай сітуацыі не бачаць. І шчыра вераць, што дзяржава будзе па-ранейшаму поўнасцю ацяпляць іх кватэры, вывозіць смецце і сачыць за спраўнасцю ліфтаў».

Выказаўся і палітычны аглядальнік газеты Андрэй Лазуткін. Ён тлумачыць сэнс змен «калектыўнай адказнасцю»:

«каб сваякі і тыя, хто сумесна пражывае, ціснулі на чалавека: той павінен працаваць ці знайсці варыянты самазанятасці».

Як даводзіць прапагандыст, акрамя невялікай колькасці людзей, якія сапраўды «вядуць асацыяльны лад жыцця», асноўны ўдар накіраваны на тых, хто мае «лявак, з якога падаткі плацяць у Польшчы». Такія сем'і, перакананы Лазуткін, маюць дастаткова грошай, таму для іх павышаны тарыф не з'яўляецца непад'ёмным. У гэтым кантэксце жыроўка ператвараецца ў інструмент вяртання сродкаў у бюджэт:

«Такім чынам дзяржава часткова вяртае гэтыя падаткавыя сродкі праз камуналку».

Аглядальнік звяртае ўвагу на яшчэ адну важную дэталь: цяпер па поўным тарыфе давядзецца плаціць нават тым уласнікам, якія працуюць, але афіцыйна здаюць кватэру «дармаеду». Гэта, паводле Лазуткіна, зроблена для таго, каб пазбегнуць фіктыўных здзелак:

«Напрыклад, раней два прысутныя ў Варшаве таварышы маглі фіктыўна здаць адзін аднаму кватэры і не плаціць падаткаў. Цяпер такія варыянты будуць вельмі праблемнымі».

Лазуткін сцвярджае, што грамадству навязваецца памылковае разуменне праблемы:

«Барацьба ідзе не з дармаедамі, як гэта падаюць інтэрнэт-рэсурсы, а з шэрай занятасцю».

На яго думку, новыя правілы — гэта не толькі спосаб збору падаткаў, але і інструмент сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Яны павінны стаць «стрымліваючым фактарам выезду на заробкі», калі ў чалавека застаюцца сям'я і нерухомасць у Беларусі.

Больш за тое, як даводзіць Лазуткін, гэта мера прымусіць людзей пераафармляць жыллё на тых, хто рэальна ў ім жыве. У выніку дзяржава атрымлівае больш дакладную карціну жыллёвага фонду:

«Нашая дзяржава будуе нямала кватэр за немалыя грошы, і хацелася б разумець, хто ў іх рэальна жыве потым і колькі метраў рэальна прыпадае на людзей у краіне. Ці трэба субсідаваць метры, калі кватэры потым стаяць пустыя? Ці, можа, трэба больш справядліва вызначаць катэгорыі тых, хто мае патрэбу?»

«Пытанні гэтыя рытарычныя, таму што ў Беларусі і так самая танная камуналка ў Еўропе і СНД, асабліва калі чалавек працуе, і звыш гэтага мае ільготны тарыф на электраацяпленне ў 3 капейкі. (…) Але гэта не значыць, што ў Беларусі вада і святло таннейшыя, чым у іншых краінах свету — проста іх субсідуюць за кошт тых, хто працуе (у меншай ступені), а ў большай ступені — з даходаў дзяржаўных прадпрыемстваў і падаткаў юрыдычных асоб», — даводзіць прапагандыст.

У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі сёння пракаментавалі, што асноўная мэта новаўвядзенняў — стварыць «больш справядлівую сістэму размеркавання нагрузкі ў жыллёва-камунальнай сферы».

Чытайце таксама:

Камуналку для «дармаедаў» пачалі налічваць паводле новых правілаў. Людзі не могуць паверыць лічбам у жыроўках

Як у Беларусі вышукваюць «дармаедаў» і чаго ад іх хочуць

«Заробку 3600, як кажуць у статыстыцы, у нашай сям'і няма». Беларусы расказалі, колькі зарабляюць і як размяркоўваюць бюджэты

Каментары да артыкула