БЕЛ Ł РУС

У ціхім мінскім мікрараёне на беразе Свіслачы плануюць новае будаўніцтва

17.11.2025 / 19:40

Nashaniva.com

У мікрараёне Мінска, які абмежаваны вуліцамі Маякоўскага і Дзянісаўскай, плануецца будаўніцтва новых жылых дамоў і грамадскіх аб’ектаў. На гэтых тэрыторыях збіраюцца знесці старую забудову: сядзібныя дамы, двухпавярховыя дамы і былы аўтапарк, піша Realt.by.

Скрыжаванне Маякоўскага і Дзянісаўскай

Новая забудова размесціцца недалёка ад набярэжнай Свіслачы. У адміністрацыі Ленінскага раёна ўжо пачалося грамадскае абмеркаванне праекта.

Тэрыторыя пад планавую забудову займае 69,6 гектара, па стане на гэты момант тут жывуць каля 4300 чалавек. У раёне суседнічаюць шматпавярховыя дамы, індывідуальная забудова, тэрыторыя часці ўнутраных войскаў, аўтакамбінат № 2, былы аўтапарк і гаражы. Побач цячэ рака Свіслач і знаходзіцца Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс.

У раёне ёсць буйныя аб’екты інфраструктуры: ГЗЦ «Карона», Мінскі гарадскі палац культуры, Мінскі дзяржаўны каледж лёгкай прамысловасці і лагістыкі, суд Мінскага раёна, навукова-даследчы цэнтр, стадыён ФК «Мінск». А вось дзіцячых садкоў, школ і паліклінік пакуль няма.

Па планах, на ўчастках, якія цяпер нібыта выкарыстоўваюцца неэфектыўна, з’явяцца жылыя дамы і грамадскія аб’екты. Мэта праекта — стварыць сучасны камфортны жылы раён.

На першым этапе плануецца забудова тэрыторыі у ваколіцах Маякоўскага, 115а, дзе цяпер знаходзіцца аўтапарк №2. Тут з’явяцца жылыя дамы прыкладна на 400 кватэр і дзіцячы садок. Паблізу Свіслачы будуць узведзеныя пераважна шматпавярховыя дамы (вышынёй больш за 10 паверхаў). У выніку колькасць жыхароў мікрараёна можа павялічыцца да 7500 чалавек.

Так аўтапарк № 2 выглядае цяпер. Фота: Яндэкс-Карты

Плануецца таксама пабудова пачатковай школы на 300 месцаў і дзіцячага садка на 230 месцаў, шматфункцыянальнага спартыўна-аздараўленчага комплексу з басейнамі, грамадскім харчаваннем і гатэлем на 20 нумароў, а таксама аб’ектаў гандлю, бытавога абслугоўвання, аптэкі і спартзалы.

Частку індывідуальных дамоў па вуліцы Сямёнава плануюць знесці.

Грамадскае абмеркаванне праекта праходзіць з 10 па 25 лістапада. Вынікі будуць разгледжаныя на пасяджэнні архітэктурна-горадабудаўнічай рады пры галоўным архітэктары горада.

Чытайце таксама:

У Мінску пачалася мадэрнізацыя незвычайнага аб'екта: абсерваторыі Планетарыя ў парку Горкага

Гэты рамонт каштаваў мінчукам амаль $100 000. Як думаеце, ён таго варты?

У Мінску будуецца самы высокі хмарачос у Беларусі

У Мінску нарабілі шмат непатрэбных паркінгаў. Цяпер іх будуць перарабляць

Каментары да артыкула