Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты
дапоўнена
Дзядзька сеў у турму за тое, што пакалечыў каханку. Стрыечны брат сп'яну захлынуўся ў лужыне. Стрыечную сястру пераехала камбайнам у кукурузе. А муж цёткі п’яны кінуўся пад цягнік.
Аляксандр Лукашэнка перад выбарамі-1994
У канцы 2006 года выданне «Маскоўскі камсамолец» апублікавала на сваіх старонках неверагодны па сённяшніх мерках рэпартаж аўтарства журналісткі Ірыны Бабровай. Тэкст карэспандэнткі пачынаўся з козыраў: «У Александрыі співаецца радня Лукашэнкі — жонка, цешча, сястра, родны дзядзька і цётка. Маці, марачы выскачыць замуж за гараджаніна, не прапускала ніводнага заезджага хлопца, у выніку так і сына нарадзіла — прыхапкам, ачмураючы чарговага кандыдата».
Тады акурат палала нафтагазавая вайна, таму Лукашэнку ў Расіі нават не тое што можна было крытыкаваць, але і трэба.
Першапачаткова карэспандэнтка Ірына Баброва, па яе словах, ехала ў Магілёўскую вобласць, каб напісаць нататку пра жыццё першай лэдзі дзяржавы, але доступ да яе цела аказаўся закрытым. Аднак не прападаць жа камандзіроўцы! Так замест аповеду пра долю жонкі Лукашэнкі атрымалася амаль беларуская версія п’есы «На дне», дзе галоўныя персанажы — іншыя сваякі кіраўніка краіны — церпяць ад галечы і п’янства. І ўсё гэта на фоне дэкарацый з чыстых вуліц аграгарадка Александрыя.
Згадваем персанажаў таго артыкула і пры дапамозе BelPol удакладняем, як склаўся лёс некаторых з іх.
Фёдар Трафімавіч Лукашэнка (1925-2010) — родны дзядзька Аляксандра Лукашэнкі, брат яго маці
Тое, што ў беларускіх вёсках п’юць шмат, не сакрэт. Не гарэлку, дык самагон. Таму першы ж селянін заявіў журналістцы, што і сям’я Лукашэнкі тут выключэннем не была. Праверыць гэта яе адправілі да яго дзядзькі, які сам у падрабязнасцях валодаў рэцэптам самагонаварэння.
На момант напісання рэпартажу «МК» дзядзьку Лукашэнкі Фёдару ішоў 81 год. Фота: mk.ru
Фёдар Трафімавіч — дзядзька Лукашэнкі, брат яго маці. Па яго словах, сястра Кацярына Трафімаўна (1924-2015) у свой час часта пакідала «Сашку» на яго як на няньку. Невядома, які з таго быў выхавацель, улічваючы праблемы з алкаголем і законам.
Суседзі расказалі журналістцы, што Трафімавіч нярэдка дубасіў жонку:
«Федзька як толькі вып’е, адразу ж пачынае лупцаваць жонку. Аднойчы ён ёй сківіцу зламаў. Сын Трафімыча не разгубіўся і садануў бацьку кувалдай па галаве. Той ледзь канцы не аддаў».
У выніку Фёдар Лукашэнка загрымеў за краты. Але не за збіццё жонкі Ганны Паўлаўны, а за тое, што пакалаціў каханку.
«Нацярпеўся я ад часовай жонкі. Вось пайшлі мы аднойчы з ёй бульбу сеяць. Яшчэ нічога не пасеялі, як яна рванула ў краму па самагон. Я давай ёй выказваць. А ёй — усё па барабане. Ну селі, выпілі разам. Дык ужо і не да працы стала. Раззлаваўся я тады, што нічога так і не пасеялі. Пабіў я бабу трошкі. Мне за гэта два гады далі», — расказваў ён журналістцы.
Па інфармацыі BelPol, у 1975 годзе Фёдара Лукашэнку сапраўды асудзілі за тое, што ў стане афекту збіў чалавека. Атрымаў ён за гэта шэсць гадоў зняволення. Два гады правёў у Аршанскай калоніі. Пасля Фёдару зрабілі палёгку, замянілі тэрмін на ўмоўны і адправілі працаваць на будоўлю ў пасёлку Руба (цяпер гэта мікрараён Віцебска). Аднак у 1980‑м у яго здарыўся нейкі чарговы залёт, таму давялося вяртацца ў калонію яшчэ на паўтара года, даседжваць стартавы тэрмін.
Па вызваленні мужчына працягнуў весці досыць маргінальны лад жыцця. Журналістка «МК» заспела яго ў паўразбуранай хаце, з пахмелля.
З цытаты-апісання дома Фёдара Трафімавіча:
«Згнілыя ад вільгаці дошкі ўтварылі ў падлозе шчыліны з кулак. Печка перакасілася, вось-вось абрынецца. Даўно ўжо аблупілася і насценная тынкоўка. У адзіным пакойчыку — ложак з прапаленым матрацам, стол з крэслам, на столі — лямпачка Ільіча. У прыхожай, дзе мы гутарылі з Фёдарам Трафімавічам, нават прысесці няма на што. За невялікім абедзенным сталом — пара мутных шклянак, пачаты слоік з заплеснелым леча, у кансервавай бляшанцы — рэшткі зліплай макароны».
Цімафей Фёдаравіч Лукашэнка (1949-2005) — стрыечны брат Аляксандра Лукашэнкі
Фёдар Лукашэнка да сваёй смерці паспеў пахаваць і жонку Ганну Паўлаўну, і сына Цімафея. Прычым да заўчаснай смерці апошняга прывяло злоўжыванне алкаголем.
«Напіўся мужык да смерці і вырашыў прагуляцца ў поле, а тут — эпілептычны прыступ. Упаў тварам у гразь і захлынуўся», — расказвалі суседзі пра Цімафея Фёдаравіча.
Трагедыя адбылася 10 красавіка 2005 года. А яшчэ праз два тыдні памерла яго маці, Ганна Паўлаўна.
Дзяцей у Цімафея не было.
Ларыса Фёдараўна Лукашэнка (— 2007) — стрыечная сястра Аляксандра Лукашэнкі
Суседзі меркавалі, што па гаспадарцы Фёдару будзе дапамагаць дачка Ларыса, стрыечная сястра Аляксандра Лукашэнкі. Аднак алкаголь пажор і яе. Пенсію таты яны прагульвалі разам.
«П’е баба горш за мужыка. Ад самай раніцы пачынае, а ўвечары ўжо ніякая. Ларыска ж была старшынёй калгаса, усімі фінансамі загадвала. Вось і праштрафілася. Пасадзіць не пасадзілі, але ад працы адхілілі на пяць гадоў. Цяпер можа толькі дворнічыхай працаваць. А каму ахвота мятлой махаць? Вось і падабраў яе заможны механізатар Колька, які таксама п'е. Дык ён жа мужык — яму паложана», — каментавалі суседзі.
У базах BelPol няма ніякай інфармацыі ні пра яе, ні пра яе крымінальную справу. Таксама няма звестак і пра яе брата Цімафея.
У 2007 годзе Ларыса загінула. Яна п'яная заснула ў кукурузе, і яе пераехала камбайнам.
Дом стрыечнай сястры Лукашэнкі ў 2006 годзе — Ларысы. Фота: mk.ru
Ганна Трафімаўна Максімава (Лукашэнка) (1930-2007) — цётка Аляксандра Лукашэнкі, сястра яго маці
Расійская журналістка пагутарыла і з яшчэ адной сваячкай Лукашэнкі, яго роднай цёткай. Размова адбылася літаральна за некалькі месяцаў да смерці Ганны Трафімаўны.
Падрабязнай інфармацыі пра яе ў базах таксама няма, толькі даты жыцця.
«Гэта раней у мяне і агарод быў, і жывёлу трымала. А як шэсць гадоў таму пахавала кармільца, дык і закінула гаспадарку. Муж моцна хварэў. Ён у маладосці п’яны пад цягнік кінуўся, падбіла яго тады крыху, пасля чаго і пачаў хварэць. Дзетак мы не нажылі, ды і на што яны? Калі дзеці добрыя — добра, а калі не? Вось так і жыву адна-адзінёшанька», — расказвала жанчына.
Ганна Максімава (Лукашэнка), цётка дыктатара. Фота: Фота: mk.ru
З яе «кармільцам» адбылася нейкая блытаніна. Муж Ганны Трафімаўны — Рыгор Макаравіч Максімаў. Дакладна вядома, што ў 1994 годзе яго асудзілі за крадзёж шляхам прысваення, растраты ці злоўжывання службовым становішчам, аднак абмежаваліся штрафам.
А вось з яго датай смерці пытанні. Ганна Трафімаўна казала, што пахавала мужа «шэсць гадоў таму», то-бок у 2000 годзе. Аднак у базе Belpol пазначана, што той самы Рыгор Макаравіч Максімаў перажыў сваю жонку і памёр толькі ў 2013 годзе.
Чытайце таксама:
Гісторыя жыцця маці Лукашэнкі Кацярыны Трафімаўны
Памерла цешча Лукашэнкі, якую ён лічыў «другім чалавекам пасля маці»