Беларускі абураныя: Luxvisage выпусціў адвэнт-каляндар, але набыць яго ў Беларусі нельга — толькі замовіць з Расіі
У беларускіх крамах адвэнт-каляндар айчыннага вытворцы не прадаецца. На «Вайлдбэрыз» ён каштуе каля 560 рублёў — у Расіі ў два разы таней.
Цэны на адвэнт-каляндар Luxvisage на «Вайлдбэрыз» і ў расійскім «Залатым яблыку»
Другі год запар беларускі брэнд касметыкі Luxvisage трапляе ў скандал са сваім адвэнт-календаром. Летась беларускі абураліся нестандартнай колькасцю акенцаў (іх было ўсяго 12, а не 24-25, як прынята), а таксама тым, што паасобку ўсе «падарункі» адвэнта каштавалі ў два разы менш, чым сам адвэнт. Дарэчы, у Беларусі ён не прадаваўся — трэба было замаўляць праз «Вайлдбэрыз».
Сёлета Luxvisage выпусціў прыгожы падарункавы набор касметыкі ў выглядзе каруселі. Але колькасць іх абмежаваная —частку падарылі беларускім блогеркам, частку (50 штук) разыгрываюць сярод падпісчыкаў. А вось набыць нельга.
Беларускі знайшлі ў продажы іншы каляндар брэнду — праўда, у крамах «Залатога яблыку» ў Расіі. Цана на яго ад 215 да 240 беларускіх рублёў. Сетка крамаў «Залаты яблык» ёсць і ў Беларусі, але там каляндар не прадаюць.
Затое яго знайшлі на «Вайлдбэрыз» — ажно за 560 рублёў.
Мы вырашылі падлічыць кошт тых 12 касметычных прадуктаў, якія схаваныя ў адвэнт-календары Luxvisage (тым, што прадаецца ў Расіі). Атрымалася ўсяго каля 135 рублёў.
Вытворца пракаментаваў сітуацыю «Анлайнеру»: кажуць, прыгожы адвэнт-каляндар у выглядзе каруселі распрацоўвалі спецыяльна для розыгрышу ў Беларусі. А для расійскага «Залатога яблыку» на замову рабілі іншы. Ці будзе гэты адвэнт-каляндар прадавацца ў беларускіх крамах гэтай сеткі, прадстаўнік Luxvisage не змог адказаць.
Вось такі адвэнт-каляндар Luxvisage разыгрывае сярод беларусак
Ці будзе кампанія ў будучыні выпускаць адвэнт-календары для ўнутранага рынку — таксама невядома:
«Яны прадаваліся ў мінулым і пазамінулым гадах, ажыятажу ў продажах не назіралася. Магчыма, мы падумаем над яго продажам у наступным годзе», — патлумачыў брэнд.
Летась адвэнты ад Luxvisage прадаваліся толькі на «Вайлдбэрыз».
Паколькі праца над адвэнт-календарамі пачынаецца ўжо вясной, можна дакладна сказаць: сёлета беларускі такі не атрымаюць.
Чытайце таксама:
Расіянкі кажуць, што ў іх масава выпадаюць бровы з-за беларускага геля
Luxvisage адказаў на скаргі расіянак, у якіх нібыта з-за беларускага геля масава выпадаюць бровы