БЕЛ Ł РУС

Донар з анкагеннай мутацыяй стаў бацькам амаль 200 дзяцей у Еўропе — некаторыя ўжо памерлі ад раку

10.12.2025 / 14:15

Nashaniva.com

Донар спермы, які пачаў здаваць сперму ў Даніі ў 2005 годзе, стаў біялагічным бацькам як мінімум 197 дзяцей у 14 краінах Еўропы, выявіла маштабнае журналісцкае расследаванне, праведзенае 14 еўрапейскімі медыякампаніямі. 

Фота: Getty Images

Еўрапейскі банк спермы ў Даніі, які прадаў сперму, заявіў, што выказвае пацярпелым сем'ям «глыбокае спачуванне». 

У гэтага донара выяўлена мутацыя ў гене TP53, якая значна павышае рызыку развіцця раку. Дзеці, народжаныя ад сперматазоідаў з мутацыяй, атрымліваюць сіндром Лі-Фраўмені, які дае да 90% рызыкі анкалагічнага захворвання на працягу жыцця, часцей за ўсё ў маленстве.

Сам донар застаецца здаровым, бо небяспечная мутацыя прысутнічае не ва ўсім ягоным арганізме, а толькі прыкладна ў 20% яго сперматазоідаў. Аднак дзесяці дзецям, народжаным ад гэтага донара, ужо пастаўлены дыягназ «рак», і некаторыя з іх памерлі ў вельмі раннім узросце.

Еўрапейскі банк спермы ў Даніі заявіў, што мутацыя такога роду не выяўляецца стандартнымі скрынінгамі, і донар быў неадкладна заблакаваны, як толькі праблема высветлілася.

За 17 гадоў яго сперму выкарысталі 67 клінік.

У ходзе расследавання таксама выявілася, што ў некаторых краінах былі парушаныя нацыянальныя нормы колькасці дзяцей ад аднаго донара. Напрыклад, у Бельгіі, дзе ліміт складае шэсць сем'яў, гэты донар стаў бацькам 53 дзяцей у 38 жанчын. Эксперты адзначаюць, што міжнароднага закона, які б рэгуляваў колькасць нашчадкаў ад аднаго донара, не існуе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула