БЕЛ Ł РУС

Курэйчыка абвінавацілі, што ён напісаў сцэнар пра палкаводца Суворава. А як усё было?

11.12.2025 / 12:39

Nashaniva.com

Прапагандыст Рыгор Азаронак на сваім канале пакпіў з беларусаў, якія пасля пратэстаў-2020 выказвалі меркаванне, адрознае ад таго, што транслюе Аляксандр Лукашэнка і яго світа. Дасталася акцёрам Паўлу Харланчуку і Аляксандры Борціч, а таксама сцэнарысту і рэжысёру Андрэю Курэйчыку.

«Змагар прадаецца за любыя бабкі. Хоць за баксы, хоць за шэкелі, хоць за рублі», — адрэагаваў Азаронак на навіну пра тое, што беларускі комік Андрэй Скараход, які ў 2020 годзе жартаваў з Лукашэнкі, цяпер кампліментуе расійскім вайскоўцам.

«За рублі прадаўся. І не адзін ён, дарэчы. Курэйчык вось, не спыняючыся змагацца, сцэнар пра Суворава напісаў. А Харланчук з кубла Латушкі зашыбае грошы ў пуцініста Бязрукава ў Губернскім тэатры. А была яшчэ такая Саша Борціч — таксама на крамлёўскія грошы Інстытута развіцця інтэрнэту падсела (апошні, сярод іншага, падтрымлівае вытворчасць расійскіх серыялаў і кіно. — НН)».

Саша Борціч у 2020 годзе падтрымлівала пратэстоўцаў і нават выйшла на адзіночны пікет каля пасольства Беларусі ў Маскве. Экс-купалавец Павел Харланчук увогуле быў затрыманы і асуджаны паводле артыкула 23.34 КоАП (сённяшні 24.23 — «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў»).

У якасці абвінавачання Андрэю Курэйчыку, які ў 2020 годзе далучыўся да дзейнасці Каардынацыйнай рады, Азаронак прад’явіў тое, што рэжысёр нібыта тады ж, паралельна са сваёй дзейнасцю ў апазіцыйнай палітыцы, працаваў з расіянамі і пісаў для іх сцэнар пра рускага палкаводца Аляксандра Суворава.

Андрэй Курэйчык. Фота з асабістага архіва.

Мультфільм пра Суворава пад назвай «Вялікае падарожжа» ад кінастудыі «Саюзмультфільм» сапраўды выйшаў на экраны ў 2022 годзе, і Андрэй Курэйчык меў да яго дачыненне. Праўда, на этапе эскізаў у 2013 годзе.

Постар мультстужкі «Сувораў. Вялікае падарожжа». Фота:kanal-o.ru

«На службе ў вялікага расійскага палкаводца Аляксандра Суворава выпадкова і пад чужым іменем аказваецца просты 16‑гадовы хлопец Грыша. 1799 год, ідзе вайна з Напалеонам, армію чакае швейцарскі паход праз Альпы. Грыша марыць хутчэй вярнуцца да сваёй каханай Соні, і менавіта каханне дапамагае яму змяніцца: стаць смелым, рашучым, ваяваць з французамі — і нават здзейсніць сапраўдны ўчынак і дапамагчы самому Сувораву», — гаварылася ў афіцыйным апісанні сюжэта.

«Я быў суаўтарам першага драфта дзіцячага мульціка «Вялікая вандроўка». Але пасля над ім працавалі іншыя людзі, некалькі разоў перапісвалі, памянялі яму назву і, як я разумею, моцна змянілі сюжэт таксама. Я сам мульцік не бачыў, таму што працаваў, калі яшчэ былі толькі яго эскізы. Так што я нават не ведаю, што там унутры. Але адзначу, што з рускімі я не працую з 2020 года», — пракаментаваў Андрэй Курэйчык «Нашай Ніве».

Чытайце таксама:

Былы купалавец Харланчук жыве ў Расіі і здымаецца ў «патрыятычных» серыялах

Скандал з серыялам «Акрэсціна» — стваральнікі адстойваюць правы на праект

Вялікая гутарка з Халезіным — як прапаноўвалі адлёт Лукашэнку, пра Саннікава і журналістыку 90-х, тэатр і грошы

Пра беларускія пратэсты-2020 здымуць маштабную гульнявую драму — расказваем падрабязнасці

Каментары да артыкула