Эйсмант паспрабавала патлумачыць, чаму Лукашэнка рэгулярна некуды прападае. Гэта ўсё з-за няспынных дакладаў
Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант дала інтэрв’ю тэлеканалу «Першы інфармацыйны», у якім патлумачыла, чаму часам здаецца, што яе начальнік некуды знікае з інфармацыйнага поля. Нічога незвычайнага, маўляў, у гэтым няма.
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Ramil Sitdikov Pool Photo via AP
Адсутнасць жывога Лукашэнкі ў інфармацыйным полі ў некаторыя дні, па версіі Эйсмант, звязаная з ягонай пастаяннай працай, звязанай з атрыманнем дакладаў і абмеркаваннем важных пытанняў.
«Нейкія даклады мы з вамі і вы ў прыватнасці ў сваіх сродках масавай інфармацыі асвятляеце, нейкія мы даем чыста тэматычна. Але гэта таксама вельмі важны працэс для таго, каб уся краіна чула і разумела, пра што дакладваюць прэзідэнту і што ў выніку даручае прэзідэнт. І, натуральна, ёсць даклады, пра якія мы не расказваем шырока ў сродках масавай інфармацыі», — абмалявала Наталля Эйсмант спецыфіку бягучага моманту.
Увогуле ж дакладаў Лукашэнку робіцца, маўляў, нашмат больш за тую колькасць, якая трапляе ў навіны.
Не абышла прэс-сакратарка і апошняе замежнае турнэ Лукашэнкі, падчас якога ён, знаходзячыся ў Амане, на некалькі дзён начыста знікаў. У гэтым нібыта таксама не было ніякага адхілення ад нормы:
«Знаходзячыся ў розных краінах свету, працуючы ў розных краінах свету, прэзідэнт, натуральна, быў у курсе абсалютна ўсяго, што адбываецца. Па спецыяльнай мабільнай сувязі ён перыядычна размаўляў з рознымі службовымі асобамі. Але гэта, вядома, былі аператыўныя даклады, тое, што патрабавала ўвагі прэзідэнта ў той ці іншы момант».
Такі самы напружаны рытм вытрымліваецца і пасля вяртання ў Беларусь:
«Яшчэ ў нядзелю ўвечары прэзідэнт працаваў і размаўляў па самых аператыўных тэмах з многімі людзьмі. Увесь панядзелак у прэзідэнта быў уключаны працоўны пульт, прэзідэнт працаваў, слухаў даклады розных службовых асоб. Я, натуральна, ведаю не ўсё, але дакладна ведаю, што вельмі доўга прэзідэнт размаўляў з прэм'ер-міністрам (ён з'яўляецца старшынёй аргкамітэта Усебеларускага народнага сходу).
Прэзідэнт заслухаў кіраўніцтва ўсіх асноўных сілавых структур і нашых вайсковых ведамстваў. Мы разумеем, абстаноўка — гэта самае галоўнае. Кіраўніцтва палітычнага штаба. Дарэчы, прэм'ера не толькі па падрыхтоўцы да УНС прэзідэнт слухаў, але і па ўсіх астатніх актуальных пытаннях».
Чытайце таксама:
Лукашэнка пасля Алжыра зноў паляцеў у краіну, дзе яго доўга не маглі знайсці
Лукашэнка паказаўся ў Амане толькі на чацвёрты дзень візіту — дома ў султана. З ім Віктар і Коля
Лукашэнка патлумачыў, чаму яго не відаць па серадах і суботах