БЕЛ Ł РУС

Дэна Дрыскала, які толькі нядаўна стаў займацца Украінай ад ЗША, ужо адхілілі ад перамоўнага працэсу

12.12.2025 / 23:30

Nashaniva.com

Паводле звестак выдання The Telegraph, кіраўнік Пентагона Піт Хегсет адхіліў міністра Сухапутных войскаў ЗША Дэна Дрыскала ад удзелу ў мірных перамовах па Украіне. Прычынай стала тое, што Дрыскал нібыта перавысіў свае паўнамоцтвы і занадта актыўна ўмешваўся ў працэс. 

Фота: Photo by Cheriss May / Getty Images

Дэн Дрыскал меў добрую рэпутацыю ў адміністрацыі Дональда Трампа і карыстаўся папулярнасцю сярод еўрапейскіх дыпламатаў дзякуючы свайму вопыту і ўзважанасці. Таму ён атрымаў важную ролю ў перамовах і ў лістападзе прадставіў Уладзіміру Зяленскаму 28‑пунктавы мірны план, на які разлічваў Трамп. Тады ж ён стаў найвышэйшым прадстаўніком адміністрацыі, які наведаў Украіну.

Падчас візіту Дрыскалу даручалі дамагчыся падтрымкі гэтага плана з боку Кіева. Некаторыя еўрапейскія ўдзельнікі перамоў адзначалі, што ён не асабліва імкнуўся да кампрамісаў на карысць украінскай пазіцыі.

Мяркуецца, што яго стыль вядзення перамоў прыцягнуў увагу Трампа, які вядомы як жорсткі перамоўца. Аднак два тыдні таму Дрыскал нечакана скасаваў чарговую паездку ў Кіеў, а таксама не паехаў у Парыж 1 снежня, хоць візіт быў абяцаны. Украінскі бок быў здзіўлены і мяркуе, што яму проста не дазволілі прыбыць.

Паводле крыніц The Telegraph, яго знікненне з перамоўнага працэсу — частка больш шырокай барацьбы за кантроль над мірнымі перамовамі ўнутры адміністрацыі Трампа. Дрыскал належаў да групы, звязанай з віцэ-прэзідэнтам Джэй Дзі Вэнсам. Іншая група, пад кіраўніцтвам Марка Рубіа, цяпер узмацняе свой уплыў і будзе ўдзельнічаць у сустрэчы ў Парыжы. Трэцяя група, у склад якой уваходзяць Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер, таксама набірае вагу.

Суразмоўцы адзначаюць, што настрой перамоў часта змяняецца ў залежнасці ад таго, якая з гэтых груп бярэ на сябе большы кантроль.

Чытайце таксама:

Трамп прызначыў новага спецпрадстаўніка па Украіне

Дэлегацыя вайскоўцаў ЗША прыехала ў Кіеў абмяркоўваць план спынення вайны ва Украіне

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны

Украіна на перамовах з ЗША адхіліла тры ключавыя патрабаванні «мірнага плана»

Каментары да артыкула