«Столькі гадоў іх чакалі, і гэта ўжо неяк вырашым». Сястра Калеснікавай адказала, калі зможа сустрэцца з Марыяй
Сваякі Марыі Калеснікавай пакуль не ведаюць, як і калі атрымаецца сустрэцца з ёй. Але, вядома, яны вельмі радыя яе вызваленню, расказала сястра Калеснікавай Таццяна Хоміч, піша «Люстэрка».
Марыя Калеснікава. Скрыншот з відэа
На пытанне журналістаў пра тое, ці вядома, калі сям'я зможа сустрэцца з Марыяй, Таццяна адказала адмоўна.
«Цяпер мы таксама будзем высвятляць, калі [яны] змогуць дабрацца да нас, [як менавіта гэта] будзе. Насамрэч, пакуль што гэта не вельмі зразумела», — расказала яна.
Таццяна Хоміч пасля выхаду на волю 123 палітвязняў (у тым ліку Калеснікавай). Вільня, 13 снежня 2025 года. Фота: «Люстэрка»
На думку сястры Калеснікавай, вызваленых павезлі ва Украіну спантанна. І ўсё для таго, каб іх «не змаглі сустрэць тут [у Літве]».
«Але я думаю, што самае важнае — што яны на волі. А гэта [вываз ва Украіну] — ужо менш важнае, другараднае пытанне. Мы столькі гадоў іх чакалі, і гэта мы ўжо вырашым», — упэўненая Хоміч.
Яшчэ да таго, як стала вядома, што палітвязняў павязуць ва Украіну, Таццяна расказвала «Люстэрку» пра першую праз шмат гадоў размову з сястрой.
«Яна была кароткая. Маша, вядома, вельмі радая была мяне бачыць. Казала, што яна мяне любіць, перадае ўсім прывітанні. І дзякавала намаганням ЗША, прэзідэнта Трампа, беларускаму боку за гэтыя перамовы, за магчымасць быць на волі. Яна вельмі гэтаму радая. Чакае з нецярплівасцю, каб нас усіх убачыць, абняць. Таму я была бязмерна шчаслівая ўбачыць яе ўсмешку», — апісвала Хоміч.
Выглядала Марыя Калеснікава добра, дадала яе сястра. А сама яна вельмі моцна чакае сустрэчы, за якую змагалася шмат гадоў.
Чытайце таксама:
Большасць палітвязняў, вызваленых сёння, выслалі ва Украіну
«Пачуццё неймавернага шчасця». З'явілася вялікае ВІДЭА з вызваленымі беларускімі палітвязнямі
Вызваленыя беларускія палітвязні расказалі, якія пачуцці адчуваюць пасля вызвалення
Зяленскі паразмаўляў з Марыяй Калеснікавай і павіншаваў яе з вызваленнем