БЕЛ Ł РУС

З 2026 года ў Беларусі істотна падаражэе шэраг аўто папулярных кітайскіх марак

15.12.2025 / 13:56

Nashaniva.com

Квоты на бяспошлінны ўвоз электрамабіляў вярнулі і нават павялічылі, але многія папулярныя «электрычкі», наадварот, падаражэюць.

Voyah Free — папулярны ў Беларусі аўтамабіль, які з новага года нельга будзе ўвезці без аплаты пошлін. Фота: «Наша Ніва»

Квота вырасла, але ёсць нюанс

Сёлета беларусы (фізічныя і юрыдычныя асобы) маглі ўвозіць электрамабілі без аплаты мыта толькі да 1 кастрычніка, паколькі 15‑тысячную квоту, прадугледжаную для Беларусі на ўвесь 2025 год, вычарпалі за 9 месяцаў.

Днямі на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета кіраўнікоў урадаў краін ЕАЭС былі ўзгодненыя новыя памеры квот на бяспошлінны ўвоз электрамабіляў у Арменію, Беларусь і Кыргызстан.

Для Беларусі гэтая лічба вырасла з 15 тысяч сёлета да 20 тысяч на 2026 год.

Tesla — прыклад 100% электрамабіля, на бяспошлінны ўвоз якіх уведзена квота памерам у 20 тысяч адзінак. Фота: «Наша Ніва»

Але ў выпадку з нашай краінай ёсць вельмі важная акалічнасць — у гэтыя 20 тысяч уваходзяць толькі чыстыя электрамабілі, а не электрамабілі і паслядоўныя гібрыды (EREV), як гэта было раней

Што гэта азначае на практыцы?

З новага года трэба будзе плаціць 15‑працэнтную пошліну пры ўвозе паслядоўных гібрыдаў (EREV), якія карыстаюцца даволі вялікай папулярнасцю. Сярод іх Voyah Free, Li 7, Li 9 і шэраг іншых марак і мадэляў кітайскай вытворчасці, якія ў рух прыводзяцца электрарухавіком, але пры гэтым маюць бензінавы рухавік аб'ёмам 1,5 літра, які працуе як генератар для зарадкі батарэі.

Апроч гэтага, паслядоўныя гібрыды, у адрозненне ад электрамабіляў ва ўзросце да 5 гадоў, з 1 студзеня 2026 года пры ўвозе ў Беларусь будуць абкладацца 21% падаткам на дабаўленую вартасць, што разам з 15% мытам вельмі істотна паўплывае на іх кошт.

Верагодна, што праз гэтыя акалічнасці попыт на іх зменшыцца і пакупнікі будуць аддаваць перавагу чыстым «электрычкам» ці, наадварот, машынам са звычайным бензінавым або дызельным рухавіком.

Звычайныя гібрыды, як і плагін-гібрыды, дзе рухавік унутранага згарання прыводзіць колы ў рух, як і раней, размытніваюцца па тых жа тарыфах, што і аўто з РУЗ.

Адметна, што нядаўна даследаванне паказала, што гібрыдныя аўто забруджваюць навакольнае асяроддзе амаль гэтак жа, як бензінавыя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула