Кітайскія мільярдэры становяцца бацькамі дзясяткаў дзяцей у ЗША дзякуючы сурагатным маці. Адзін з іх заявіў пра 100 дзяцей
У ЗША сфарміравалася цэлая міні-індустрыя, якая абслугоўвае новы запыт кітайскай эліты: стварэнне велізарных дынастый з дзясяткаў нашчадкаў, народжаных амерыканскімі сурагатнымі маці. Багатыя кліенты з Паднябеснай выкарыстоўваюць прабелы ў заканадаўстве, каб абысці абмежаванні на радзіме і забяспечыць сваім дзецям грамадзянства Злучаных Штатаў. У некаторых выпадках будучыя бацькі нават не з’яўляюцца ў Амерыцы асабіста. З падрабязнасцямі знаёміць The Wall Street Journal.
Мільярдэр Сюй Бо, дата фота невядомая. Фота: Weibo
Супрацоўнікі суда ў Лос-Анджэлесе, разглядаючы стандартныя заявы на ўстанаўленне бацькоўства ў выпадках сурагатнага мацярынства, выявілі анамалію: адно і тое ж імя мільгала ў дакументах зноў і зноў.
Як піша The Wall Street Journal, высветлілася, што адзін кітайскі мільярдэр падаў заявы на ўстанаўленне бацькоўства адразу для чацвярых дзяцей ад розных сурагатных маці, якія яшчэ нават не нарадзіліся. Больш за тое, дадатковая праверка суда паказала, што ён ужо стаў або вось-вось стане бацькам яшчэ як мінімум васьмярых.
100 дзяцей і мара пра дынастыю
Гэтым мільярдэрам быў Сюй Бо, кіраўнік буйной кітайскай кампаніі-распрацоўшчыка відэагульняў Duoyi Network. Ён жыве ў Кітаі і вядзе даволі замкнёны лад жыцця. На слуханні летам 2023 года бізнэсовец прысутнічаў праз відэасувязь. Праз перакладчыка ён заявіў суддзі, што плануе мець каля 20 дзяцей, народжаных у ЗША, — пераважна хлопчыкаў, бо лічыць іх «лепшымі за дзяўчынак», — каб яны аднойчы ўзначалілі яго бізнэс-імперыю.
Паводле звестак WSJ, некаторых з яго дзяцей ужо выхоўвалі няні ў горадзе Ірвайн, непадалёк ад Лос-Анджэлеса, пакуль афармляліся дакументы для іх выезду ў Кітай. Сам Сюй Бо прызнаўся суддзі, што яшчэ не бачыў гэтых дзяцей асабіста, бо быў заняты працай.
Суддзя адхіліла ягонае хадатайніцтва, палічыўшы, што апісанае Сюем стаўленне да дзяцей зусім не падобна на сапраўднае бацькоўства. Гэтае рашэнне пакінула дзяцей, за нараджэнне якіх ужо было заплачана, у прававой нявызначанасці.
Сюй Бо — чалавек, які надзвычай актыўны ў інтэрнэце, але ў рэальным жыцці застаецца амаль нябачным: ён рэдка размаўляе з журналістамі і не фатаграфаваўся на публіцы амаль дзесяць гадоў.
Журналісты знайшлі заяву яго кампаніі, у якой сцвярджаецца, што мужчына мае «крыху больш за 100» дзяцей, народжаных у ЗША праз сурагатнае мацярынства.
Як піша WSJ, з акаўнтаў, звязаных з Сюем, гучалі лозунгі кшталту «больш дзяцей — менш праблем», фантазіі пра стварэнне ўласнай «дынастыі» і нават фантазіі пра тое, што ягоныя дзеці маглі б калі-небудзь уступіць у шлюбы з дзецьмі Ілана Маска.
Ілюстрацыйнае фота: AP Photo / Ng Han Guan
«Дзіця пад ключ» за $200 тысяч
Выданне адзначае, што Сюй Бо — толькі самы яркі прыклад маштабнага трэнда ў ЗША, дзе сурагатнае мацярынства ў многіх штатах амаль не рэгулюецца на федэральным узроўні, а судовыя працэдуры, звязаныя з устанаўленнем бацькоўства, часта праходзяць у закрытым рэжыме і нават не заўсёды фіксуюцца ў публічных судовых рэестрах. Гэта істотна абмяжоўвае кантроль індустрыі.
Заможныя кітайцы, выкарыстоўваючы прабелы ў заканадаўстве і 14‑ю папраўку да Канстытуцыі ЗША (якая гарантуе грамадзянства ўсім народжаным у краіне), ствараюць велізарныя сям'і. Кошт аднаго дзіцяці можа дасягаць 200 000 даляраў.
Для абслугоўвання попыту з боку заможных замежнікаў у ЗША сфармавалася цэлая экасістэма: агенцтвы, юрыдычныя фірмы, клінікі і сэрвісы нянь, якія гатовы забраць нованароджаных з радзільні. Бацькі могуць перасылаць біяматэрыял за мяжу і атрымаць дзіця «з дастаўкай».
Яшчэ адзін прыклад, які падае WSJ, — кіраўнік адукацыйнай кампаніі Ван Хуэйу. Мужчына наняў амерыканскіх мадэляў і жанчын з навуковымі ступенямі ў якасці донараў яйцаклетак, каб атрымаць 10 дачок. Яго мэта — вырасціць іх і аднойчы выдаць замуж за сусветных лідараў.
Ван Хуэйу. Фота: Tan Daming/China News Service/VCG via Getty Images
Амерыканскія агенцтвы сурагатнага мацярынства прызнаюцца, што часам запыты кліентаў шакуюць. Адзін з уладальнікаў агенцтва ў Каліфорніі расказаў, што дапамагаў выканаць «замову» на 100 дзяцей, якую размеркавалі паміж некалькімі фірмамі.
З падобным спажывецкім стаўленнем сутыкаюцца і юрысты, якія вымушаны тлумачыць багатым кліентам розніцу паміж радзільняй і крамай.
«Я сказала: «Не, мы не супермаркет, каб прадаваць оптам»», — цытуе газета юрыстку Аманду Трокслер, да якой звярнулася кліентка з просьбай аб «зніжцы» за падбор адразу 8‑10 сурагатных маці адначасова.
Прадстаўнікі індустрыі прызнаюць і іншую праблему: кантроль настолькі слабы, што адсачыць, колькі паралельных замоў вядзе адзін і той жа заказчык у розных агенцтвах, амаль немагчыма.
Уладальніца аднаго з каліфарнійскіх агенцтваў распавяла журналістам пра самотнага бацьку, які ўпотай замовіў чатырох дзяцей у розных фірмах. Калі яму паведамілі пра хуткае нараджэнне чарговага немаўляці, ён запанікаваў: «Мы ўжо і так клапоцімся пра дваіх!» Аднак, як адзначыла ўладальніца агенцтва, у адрозненне ад куплі ў краме, тут «шляху назад няма» — калі ты перадумаў, «адмяніць» дзіця немагчыма.
Палітычны рэзананс
Натан Чжан, заснавальнік сеткі клінік IVF USA, якая працуе ў ЗША і Мексіцы і абслугоўвае заможных кітайцаў, растлумачыў выданню эвалюцыю рынку сурагатнага мацярынства. Раней яго кліентамі былі пераважна бацькі, якія спрабавалі абысці кітайскую палітыку «адно дзіця». Рэч у тым, што дзеці, вернутыя ў Кітай як грамадзяне ЗША, юрыдычна не падпадалі пад сістэму штрафаў і абмежаванняў КНР.
Палітыка «адно дзіця» была адмененая ў 2015 годзе, але попыт не знік — ён трансфармаваўся. Зусім нядаўна з'явілася новая катэгорыя кліентаў — так званыя «шалёна багатыя».
«Ілан Маск цяпер становіцца ўзорам для пераймання», — сказаў Чжан. Усё большая колькасць такіх кліентаў, па яго словах, заказваюць дзясяткі, а то і сотні дзяцей, народжаных у ЗША. Іх мэта ўжо не проста мець нашчадкаў, а «стварыць непахісную сямейную дынастыю».
Гэты бізнэс прыцягвае ўвагу ўладаў абедзвюх краін, хоць рэакцыя Пекіна неадназначная. Фармальна сурагатнае мацярынства ў Кітаі забаронена. Аднак, як піша WSJ, урад звычайна заплюшчвае вочы на грамадзян, якія звяртаюцца па такія паслугі за мяжой, і нават дазваляе замежным агенцтвам ціха рэкламаваць сябе ўнутры краіны.
Тым не менш, калі такія гісторыі становяцца публічнымі, гэта выклікае скандалы і жорсткую рэакцыю, бо грамадства лічыць практыку эксплуатацыяй. WSJ нагадвае пра скандал з міністрам замежных спраў Кітая Цынь Ганам, які знік пасля таго, як высветлілася, што ў яго была інтрыжка з вядомай тэлевядучай, якая нарадзіла дзіця праз сурагатную маці ў ЗША.
У ЗША таксама расце занепакоенасць. Сенатар-рэспубліканец Рык Скот унёс законапраект аб забароне сурагатнага мацярынства для грамадзян некаторых замежных краін, уключаючы Кітай.
Ён спаслаўся на федэральнае расследаванне ў Лос-Анджэлесе, у межах якога ў пары кітайскага паходжання выявілі больш за два дзясяткі дзяцей, амаль усе з якіх былі народжаныя праз сурагатных маці за апошнія гады. Супрацоўнікі ФБР і Міністэрства ўнутранай бяспекі ўжо апыталі некаторых сурагатных маці, якія працавалі з кітайскімі кліентамі, аднак мэты гэтых дзеянняў афіцыйна не тлумачыліся.
Тым не менш, нягледзячы на рызыкі, інвестары робяць стаўку на рост гэтага рынку, укладваючы грошы ў сеткі клінік па лячэнні бясплоддзя, арыентаваныя на азіяцкіх бацькоў.
Чытайце таксама:
Кітай упершыню ўводзіць грашовыя выплаты на дзяцей — 500 даляраў у год за кожнае дзіця да трох гадоў
«Самае старое» дзіця ў свеце нарадзілася з эмбрыёна, які быў замарожаны 30 гадоў таму
Кітай уводзіць падатак на прэзерватывы, каб стымуляваць нараджальнасць