БЕЛ Ł РУС

Адна з найбагацейшых сем'яў Саудаўскай Аравіі хоча набыць замежныя актывы «Лукойла»

16.12.2025 / 20:44

Nashaniva.com

Як паведамляе Reuters са спасылкай на тры крыніцы, асноўным прэтэндэнтам выступае кампанія Midad Energy, якая ўваходзіць у адзін з найбуйнейшых холдынгаў Саудаўскай Аравіі, што працуе па ўсім Блізкім Усходзе. Кіраўнік кампаніі мае сувязі са спецслужбамі.

Фота: AP Photo/ Valentina Petrova

Midad Energy плануе заплаціць за актывы «Лукойла» праз эскроў-рахунак, дзе сродкі будуць заблакаваныя да зняцця санкцый з расійскай кампаніі. Пры гэтым у здзелку могуць быць залучаныя амерыканскія кампаніі.

Midad Energy уваходзіць у нафтагазавы холдынг Midad Holding, які, у сваю чаргу, з’яўляецца часткай Al Fozan Holding — адной з вядучых сямейных карпарацый Саудаўскай Аравіі (11‑е месца ў рэйтынгу Forbes). Al Fozan дзейнічае праз больш за 20 даччыных кампаній у сферах рознічнага гандлю, нерухомасці, прамысловасці, энергетыкі і аховы здароўя. Midad Energy актыўна развівае міжнародную экспансію: у кастрычніку кампанія падпісала кантракт на $5,4 мільярда па распрацоўцы нафтагазавага радовішча ў Алжыры і ўжо працуе ў Азербайджане і Егіпце, як і «Лукойл».

Генеральны дырэктар Midad Energy Абдулелах Аль-Айбан — брат уплывовага дарадцы саудаўскіх уладаў па нацыянальнай бяспецы Мусаеда Аль-Айбана, які ўдзельнічаў у мірных перамовах паміж ЗША і Расіяй у Саудаўскай Аравіі. Іх бацька Махамед Аль-Айбан быў першым кіраўніком разведкі каралеўства.

Эксперты адзначаюць, што саудаўскі прэтэндэнт можа стаць зручным партнёрам і для Расіі, і для ЗША, бо Эр-Рыяд імкнецца падтрымліваць добрыя адносіны з Масквой і адначасова развівае супрацоўніцтва з Вашынгтонам. Падчас візіту Дональда Трампа ў Саудаўскую Аравію ў 2025 годзе стораны падпісалі шэраг пагадненняў у галіне абароны, энергетыкі і тэхналогій, а Эр-Рыяд абяцаў інвеставаць у ЗША да $1 трыльёна.

Акрамя Midad Energy, цікавасць да актываў «Лукойла» праяўлялі Exxon Mobil і Chevron (ЗША), International Holding Company (ААЭ), венгерская Mol і інвестыцыйны фонд Carlyle. Аднак нядаўна Мінфін ЗША адмовіў групе інвестараў пад кіраўніцтвам Xtellus Partners, якія хацелі абмяняць актывы «Лукойла» на яго акцыі, замарожаныя ў амерыканскіх фондах пасля пачатку вайны ва Украіне.

Сярод замежных актываў «Лукойла» — НПЗ у Балгарыі, Румыніі і Нідэрландах, каля 2000 АЗС у Еўропе, Цэнтральнай Азіі, ЗША і на Блізкім Усходзе, тэрмінал для авіяцыйнага паліва ў Малдове, а таксама магутнасці па здабычы нафты і газу ў Азербайджане, Казахстане, Узбекістане, Іраку, Егіпце, ААЭ, Лацінскай Амерыцы і Афрыцы.

Чытайце таксама:

ЗША адклалі частку санкцый супраць расійскага «Лукойла»

Сусветныя цэны на нафту ўпалі да ўзроўняў 2021 года

Расія страчвае кантроль над Усходняй Еўропай — але размова не пра Беларусь

Саудаўская Аравія знізіла цэны на нафту для Індыі і Кітая, каб замяніць пастаўкі з Расіі

«Лукойл» збіраецца прадаць свае замежныя актывы пасля ўвядзення амерыканскіх санкцый

Каментары да артыкула