Сын Сяргея Бульбы, які збірае грошы ў Польшчы, кажа, што беларуская міліцыя падкінула яму наркотыкі
Канстанцін Каліноўскі па-ранейшаму расказвае пра нейкі палітычны пераслед, але доказаў гэтаму ніякіх не дае.
Канстанцін Каліноўскі
Канстанцін Каліноўскі, сын Сяргея Бульбы, удакладніў гісторыю свайго жыцця. Ён прызнаўся ў інтэрв'ю «Радыё Свабода», што насамрэч мае два крымінальныя прысуды за наркотыкі.
Нагадаем, «Наша Ніва» напісала пра тое, што 34‑гадовы беларус збірае грошы ў Польшчы, выдаючы сябе за палітычнага ўцекача.
Чытайце падрабязна: Сын Сяргея Бульбы збірае грошы ў Польшчы, прыдумаўшы сабе біяграфію ветэрана і палітычнага ўцекача
Канстанцін Каліноўскі прызнаў, што ў пачатку 2010‑х яго насамрэч асудзілі за наркотыкі. Праўда, даказвае, што гаворка ішла пра марыхуану, а не больш цяжкі сінтэтычны наркотык Альфа-РVР, пра які ўзгадваецца ў яго прысудзе.
Пра затрыманне за наркотыкі ў маі 2021 года Каліноўскі расказвае вельмі блытана.
Па-першае, ён кажа, што дакладна не памятае, калі гэта было, ці то ў 2020-м, ці то ў 2021-м.
Па-другое, ён запэўнівае, што наркотыкі яму падсыпалі супрацоўнікі міліцыі.
Каліноўскі, па яго словах, правёў тры месяцы ў СІЗА ў Жодзіна і атрымаў за гэтыя наркотыкі чатыры гады хіміі з накіраваннем.
Адметна, што ў першым інтэрв'ю «Свабодзе» гісторыя з яго слоў апісвалася зусім іначай.
«У жніўні 2020 года, расказвае Канстанцін, выходзіў на пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў. З ягоных слоў, яго затрымалі і ён тры месяцы прасядзеў у СІЗА», — гаварылася ў тэксце.
З датай выезду з Беларусі таксама блытаніна. Спачатку Каліноўскі меркаваў, што гэта адбылося або ў канцы 2020 года, або ў пачатку 2021 года. Калі ж высветлілася, што, паводле дакументаў, яго затрымлівалі ў маі 2021 года, то ён выказаў здагадку, што выехаў з Беларусі пасля таго, як выйшаў з СІЗА — значыць, недзе ў жніўні-верасні 2021 года.
Каліноўскі кажа, што ва Украіне праходзіў паліграф.
«Праз тыдзень быў званок. Той, хто тэлефанаваў, прадставіўся супрацоўнікам Службы бяспекі Украіны, сказаў, што мне часова трэба пакінуць Украіну», — расказаў ён «Свабодзе». Каліноўскі спрабаваў вярнуцца ва Украіну, каб ісці ў добраахвотнікі, але ўрэшце атрымаў забарону на ўезд да 25 кастрычніка 2025 года.