БЕЛ Ł РУС

«Толькі два чалавекі з класа не пайшлі ў піянеры». Бацькі — пра прапаганду ў школах

18.12.2025 / 12:25

Алена Горская

Самая строгая забарона ў беларускіх школах — на белыя красоўкі. У БРСМ завабліваюць дадатковымі баламі пры паступленні ў ВНУ. А адмовіцца быць піянерам не так складана, як ад харчавання ў сталоўцы.

Ілюстрацыйнае фота.

«Наша Ніва» паразмаўляла з бацькамі пра сітуацыю ў беларускіх школах. Пра тое, як ціснуць на дзяцей і што спрабуюць укласці ў галовы, ці можна не наведваць патрыятычныя мерапрыемствы, што робяць у класах праваслаўныя святары і як сем’і даюць рады з прапагандай і шматлікімі забаронамі — у нашым матэрыяле.

Сваякі школьнікаў з Мінску і абласных цэнтраў адзначаюць, што пасля 2020 года сістэма адукацыі стала больш ідэалагізаванай. Паўсюль праводзяцца адмысловыя «патрыятычныя» мерапрыемствы: лекцыі, экскурсіі, канцэрты, мітынгі з нагоды дзяржаўных святаў. Апроч таго, цяпер у кожнай школе працуюць вайскова-патрыятычныя класы або гурткі.

«Збіраюць поўны зал — і кажуць пра небяспеку масавых мерапрыемстваў»

Кожны тыдзень у школах праводзяць абавязковыя інфармацыйныя гадзіны. Сысці з іх можна толькі з паважлівай прычыны, як з урока. На такія заняткі рэгулярна прыходзяць міліцыянеры, чыноўнікі, супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў, праваслаўныя святары. Прычым ад сустрэч са святарамі немагчыма адмовіцца, нават калі сям’я іншага веравызнання або нерэлігійная.

View this post on Instagram

A post shared by Средняя школа №19 г. Бреста (@sch_19_brest)

«З намі ні тэмы, ні госці не абмяркоўваюцца. Школа лічыць, што яна манапалізавала гэтыя рэчы», — скардзіцца маці сямікласніцы Алена (тут і далей імёны змененыя з меркаванняў бяспекі — НН). 

У Віктара малодшы брат вучыцца ў 9 класе. Суразмоўцу здзіўляе, што падчас інфармацыйных гадзін вучням пастаянна нагадваюць пра адказнасць па 342 артыкуле — за ўдзел у пратэстах. Дзеці, паводле яго, нават смяюцца з гэтага, бо на такія лекцыі звычайна збіраюць поўную актавую залу, а расказваюць пра небяспеку масавых мерапрыемстваў.

«Часам могуць быць размовы на іншыя тэмы, напрыклад, пра наркотыкі. Калі я быў падлеткам, нам таксама пра гэта распавядалі. Але зараз усё сканчваецца 342 артыкулам. То-бок яны да ўсяго прыцягваюць пратэсты, нават калі гэта гучыць дзіўна», — тлумачыць Віктар.

Пра вайну ўзгадваюць амаль кожны дзень

Суразмоўцы «Нашай Нівы» кажуць, што апошнім часам у школах максімальная фіксацыя на тэме Вялікай Айчыннай вайны. Яе абмяркоўваюць на класных гадзінах, паказваюць фільмы, у тым ліку пра 17 верасня 1939 года. У некаторых школах дзяцей выводзяць на акцыі «Несмяротнага палка». 

View this post on Instagram

A post shared by Гимназия №1 г. Витебска (@gymnasium1.vitebsk)

У 9 класе гісторыя вайны вывучаецца як асобны курс, ёсць адмысловы падручнік, адзначае Віктар. «Прычым парадокс у тым, што адначасова ідзе і гісторыя Беларусі, і сусветная. І паўсюль вывучаецца гэты перыяд. У брата зараз урокі гісторыі ёсць кожны дзень».

Вера, маці шасцікласніцы (сям’я з’ехала з Беларусі месяц таму — НН), распавядае, што аднойчы дзецям загадалі вывучыць усе даты, звязаныя з вайной. Дачка прыйшла да яе з пытаннем, навошта ім так шмат гэтай інфармацыі.

View this post on Instagram

A post shared by Гімназія № 36 г. Гомеля імя І.Мележа (@gymnasium36_gomel)

Жанчына кажа, што школьнікі перасталі ўспрымаць вайну як нешта значнае, бо «калі гэта ліецца з кожнага праса, то псіхіка папросту адрынае». Маці хвалюе, што памяць пра значныя гістарычныя падзеі «ператварылі ў бутафорыю».

«Я насамрэч прытрымліваюся думкі, што вайна — гэта важна, — тлумачыць сваю пазіцыю Вера. — Ніхто не змяншае гераізму нашых прадзедаў і дзядоў. І крыўдна, што дзеці гэтага не разумеюць. Для іх зараз вайна — гэта тэст, які трэба прайсці. У кіно схадзіць. Гэта ўжо не памяць, а штосьці штучнае, створанае дзяржаўнай ідэалогіяй».

View this post on Instagram

A post shared by ГУО "Средняя школа N° 21 г. Могилева" (@sosh_21_mogilev)

За ўступленне ў піянеры абяцаюць плюшавых рысяў

У школах актыўна агітуюць ісці ў піянеры, распавядаюць бацькі. Сем’і, з якімі мы размаўлялі, прынялі рашэнне адмовіцца. Але яны ў меншасці.

«У нашым класе толькі два чалавекі не пайшлі ў піянеры — мая дачка і яшчэ адзін хлопчык», — кажа Вера. Маці вельмі хвалявалася за дзіця, аднак класная кіраўніца не прымушала.

Падобная сітуацыя і ў класе Алены: адмовіліся толькі пяць чалавек з 26. Але на іх не ціснулі і не пыталі чаму. 

View this post on Instagram

A post shared by ГУО "Гимназия 10 им. Митрополита Филарета (Вахромеева) г.Гродно" (@gymnasium_10.grodno)

Асобна жанчына адзначае метады, якія выкарыстоўваюць, каб агітаваць школьнікаў: «Рэкламуюць, што дзеці будуць хадзіць у басейн, у іх будуць паездкі, кожнаму дадуць па рысі (сімвал беларускіх піянераў — НН). Дзеці загараюцца, хочуць. Але яны не разумеюць зместу».

View this post on Instagram

A post shared by Гімназія № 36 г. Гомеля імя І.Мележа (@gymnasium36_gomel)

Тое самае, паводле Віктара, адбываецца з БРСМ. У арганізацыю прымаюць з 14 гадоў, а завабліваць пачынаюць ужо ў 13. Падлеткам абяцаюць дадатковыя балы пры паступленні ў ВНУ. Калі хтосьці адмаўляецца, то яго шмат разоў перапытваюць і зноў прапануюць.

На шосты школьны дзень запрашаюць па спісах

У школе Алены напрыканцы мінулага года бацькоў папрасілі падпісаць паперу, што яны абавязуюцца фарміраваць правільныя погляды ў дзяцей. Якія гэта будуць погляды — вызначае школа. Вусна настаўнікі патлумачылі, што дома трэба дадаткова прапрацоўваць змест інфармацыйных гадзін. 

View this post on Instagram

A post shared by ГУО "Средняя школа N° 21 г. Могилева" (@sosh_21_mogilev)

Сем’і сутыкаюцца з кантролем і па-за школай, распавядае Вера. Трэба справаздачыцца, на якія кружкі і секцыі ходзіць дзіця, дзе і з кім будзе на канікулах. Шосты школьны дзень маці таксама ўспрымае як дадатковую форму кантролю: «Для мяне гэта пра тое, што дзеці цалкам унутры гэтай сістэмы».

Разам з тым прысутнасць па суботах не вельмі жорстка кантралююць. Многія спасылаюцца, што трэба на іншыя гурткі і секцыі, і прапускаюць. Класныя кіраўнікі нават вымушаныя складаць спісы, каб дзеці прыходзілі па чарзе.

Таксама бацькі заўважаюць прапаганду ў падручніках. Алена прыводзіць прыклад, што ў падручніку па гісторыі «атрафіруецца інфармацыя пра Беларусь, усё напісана праз прызму Расійскай імперыі, негатыўна асвятляецца польскі перыяд». А ў задачах па матэматыцы сустракаюцца тэмы кшталту «на дэманстрацыі было столькі-та дзяцей».

«Быў страх, калі дачка пачала сталець»

Большасць нашых суразмоўцаў не заўважае, каб школьная прапаганда ўплывала на свядомасць дзяцей. Паводле іх, настаўнікі ўжо самі стаміліся і не вельмі зацікаўленыя яе прасоўваць, усё робяць проста дзеля птушачкі. Таму і дзеці ставяцца да мерапрыемстваў фармальна.

View this post on Instagram

A post shared by ГУО "Гимназия 10 им. Митрополита Филарета (Вахромеева) г.Гродно" (@gymnasium_10.grodno)

«Я не бачу нейкага шкоднага ўздзеяння, «прамыўкі мазгоў», — кажа Алена. — У мяне быў пэўны страх, калі дачка пачала сталець. Але калі дома яна чуе іншае, то ўсё роўна бацькі маюць большы аўтарытэт, чым настаўнікі».

Вера таксама спакойная за дзіця, бо яшчэ ў ранейшым узросце «тлумачыла пэўныя рэчы, і дачка вельмі разумна ацэньвае сітуацыю». Да таго ж метады, якімі спрабуюць паўплываць на школьнікаў, састарэлі, лічыць жанчына. 

«Тут калі рабіць гэта пісьменна, то мусіў бы быць іншы падыход. Не такі застарэлы, як зараз, — тлумачыць Вера. — У нас дзейнічаюць па савецкім узоры, напэўна таму, што іншага не ведаюць. А падлеткі больш сучасныя, іх проста так не праб’еш. Я глядзела на гэта ўсё з боку і думала: вы б хоць нармальнага маркетолага ці піяршчыка ўзялі ў сістэму адукацыі. Таму што абсалютна няма адчування гэтага новага пакалення, гэтых зумераў, і як можна на іх паўплываць». 

«Дзеці ўсё разумеюць, але не могуць казаць»

Іншыя назіранні ў Віктара, брат якога вучыцца ў 9 класе:

«Мне хацелася б сказаць, што прапаганда на яго ніяк не ўплывае. Але гэта не зусім так. Зразумела, што нейкія рэчы кшталту «Лукашэнка — найлепшы прэзідэнт» на яго не ўздзейнічаюць, таму што ён вырас у іншым інфаполі. Але я, напрыклад, заўважаю, што ён стаў больш гамафобны. Або часам праскокваюць расісцкія жарты».

Суразмоўца адзначае, што брат адчувае псіхалагічны дыскамфорт праз тое, што вымушаны існаваць у дзвюх парадыгмах: з аднаго боку школа, з іншага — размовы дома, а таксама навіны, якія даходзяць да падлеткаў праз тыкток. 

View this post on Instagram

A post shared by Средняя школа №19 г. Бреста (@sch_19_brest)

«Ёсць унутраны канфлікт з-за таго, што дзеці ў гэтым узросце ўжо ўсё разумеюць, але не маюць магчымасці выказаць сваё меркаванне. Нават у сям’і мы тлумачым, што падчас расповедаў пра «найлепшага прэзідэнта» або «сцяг сепаратыстаў» лепей моўчкі ківаць».

Напружанасці дадаюць і розныя забароны, якія атачаюць вучняў з усіх бакоў. «Ты быццам у цісках знаходзішся», — кажа Віктар. Па яго словах, у школе існуе практыка «пратаколаў», у якія заносяць «парушальнікаў». Напрыклад, калі прыйшоў не па форме ці проста спазніўся.

«Брат кажа, што не хоча заставацца ў гэтай сістэме. Але калі думаць пра працяг адукацыі ў Еўропе, то зараз гэта вельмі складана», — кажа ён.

Завуч публічна абмяркоўвае знешні выгляд дзіцяці

Што тычыцца ціску, наўпрост не звязанага з ідэалогіяй, то ўсе сем’і адзначаюць вельмі строгія патрабаванні да школьнай формы. Напрыклад, настаўнікі актыўна змагаюцца з белымі красоўкамі. Таксама нельга насіць неўвабраную кашулю або адзенне аверсайз. Дзяўчынкам забараняюць распускаць валасы і фарбавацца. Патрабуюць абіраць рэчы пэўных колераў і насіць абавязковую дэталь гардэроба, якая ў кожнай школы свая.

«Я, дарэчы, нармальна стаўлюся да формы, яна ж і ў еўрапейскіх школах ёсць. Але я не вельмі добра стаўлюся да фармалізма, — дзеліцца меркаваннем Вера. — Бо нават у тых рамках, якія ёсць, можна знайсці штосьці стылёвае, што для падлетка было б файна. Мы купілі модную кашулю, вельмі дачцэ спадабалася — здаецца, выкруціліся. Але тут пачынаецца: не па стандарце, не прыталеная, нельга». 

У школе, дзе вучыцца дачка Алены, завуч раз на тыдзень робіць раптоўныя праверкі: прыходзіць у клас без папярэджання і пачынае глядзець, хто ў што апрануты. Дзяцей падымаюць з-за парты і публічна абмяркоўваюць знешні выгляд.

View this post on Instagram

A post shared by ГУО "Гимназия 10 им. Митрополита Филарета (Вахромеева) г.Гродно" (@gymnasium_10.grodno)

Таксама, паводле Алены, вельмі складана было адмовіцца ад школьнага харчавання. Сям’я была незадаволеная выбарам у сталоўцы, дзяўчынка амаль нічога не ела. Адміністрацыя школы не хацела прымаць адмову, маці прымусілі гэта зрабіць праз аддзел адукацыі. І папрасілі не расказваць іншым, бо пабаяліся ланцуговай рэакцыі.

А вось забарона на мабільнікі ў школах выконваецца не так дасканала. Паводле бацькоў, многія дзеці здаюць адзін тэлефон на ўваходзе, а ў класе карыстаюцца іншым. 

Самае істотнае адрозненне ў эміграцыі — стаўленне да дзяцей

Сям’я Іны з’ехала з Беларусі праз пераслед сёлета ўлетку. Зараз яе дачка вучыцца ў 8 класе польскай школы. Жанчына кажа, што праз моўны бар’ер адзнакі сталі ніжэйшыя, але, нягледзячы на гэта, дзіцяці падабаецца ў мясцовай школе больш, чым у Беларусі. 

«Яна проста кайфуе ад таго, што амаль няма хатніх заданняў, можна хадзіць у байцы і джынсах», — кажа Іна. Нават забарона мабільнікаў у Польшчы выглядае па-іншаму. Іх не адбіраюць, а просяць не карыстацца. Усё навучанне скіравана на тое, каб дзіця само адказвала за свае ўчынкі.

Але самае істотнае адрозненне польскай школы ад беларускай — гэта стаўленне настаўнікаў да дзяцей, кажа Іна. 

«Могуць падысці і пажартаваць, ставяцца да іх як да роўных. На школьнікаў тут ніхто не крычыць: маўляў, ты дрэнна вывучыў, ты тое, ты сёе».

Аднак і ў беларускіх школах, адзначае маці, ёсць настаўнікі, якія не імкнуцца загнаць дзяцей у жорсткія рамкі або ўкласці ў галовы ідэалогію. Таму вельмі шмат залежыць ад чалавечага фактару, робіць выснову Іна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула