БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, як быў арганізаваны прыём вызваленых палітвязняў адразу ў трох краінах

18.12.2025 / 16:46

Nashaniva.com

Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская расказала, як беларускія арганізацыі і валанцёры адказвалі на нестандартныя выклікі, з якімі яны сутыкнуліся пасля нечаканага вывазу большасці са 123 вызваленых палітвязняў замест традыцыйнай для такіх спраў Літвы ва Украіну. 

Падчас сустрэчы вызваленых палітвязняў у Вільні. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Па словах Вольгі Зазулінскай, рэгістрацыйны цэнтр быў падрыхтаваны загадзя, і каманда доўгі час чакала прыбыцця людзей. Планавалася, што яны прыбудуць у суботу ў Літву, аднак сітуацыя нечакана змянілася: людзі апынуліся ва Украіне. Нягледзячы на гэта, удалося хутка мабілізавацца.

Да дапамогі далучыліся ўкраінскія арганізацыі, у тым ліку валанцёрская арганізацыя «Сустрэча», якая мела магчымасць непасрэдна кантактаваць з беларускімі палітвязнямі на тэрыторыі Украіны. Прадстаўніца дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне Святлана Шаціліна паехала да людзей і падтрымлівала з імі сувязь на месцы.

Дзякуючы наяўнасці каардынацыйных штабоў у Вільні і Варшаве, арганізацыі вельмі хутка пераарыентавалі працу на Украіну. Пачаліся аператыўныя закупкі ўсяго неабходнага: мабільных тэлефонаў, сродкаў гігіены, лекаў і асабістых рэчаў, якія былі патрэбныя людзям. 

Калі стала зразумела, што людзі накіроўваюцца далей у Еўропу, была арганізавана іх дастаўка ў рэгістрацыйныя цэнтры ў Варшаве і Вільні.

Упершыню людзям прапанавалі самастойна абраць краіну — Польшчу або Літву. Кожнага экс-палітвязня апытвалі асобна. Шмат хто быў з іх дэзарыентаваны пасля перажытага: людзі мянялі першапачатковыя рашэнні, вагаліся. У выніку 89 чалавек засталіся ў Польшчы, а 20 паехалі ў Літву.

У рэгістрацыйных цэнтрах працавала вялікая колькасць арганізацый і валанцёраў. У Варшаве каардынацыю штаба ўзялі на сябе Dissidentby і Цэнтр беларускай салідарнасці. Людзей сустракалі намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка і спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан. На месцы працавалі дзясяткі валанцёраў, а таксама прадстаўнікі праваабарончага цэнтра «Вясна», ініцыятывы «Вольная», ПЭН-цэнтра, Беларускай асацыяцыі журналістаў, «Да волі» (асацыяцыі былых палітвязняў), ініцыятывы «Партызанкі». Частка арганізацый, у тым ліку Libereco, працавала дыстанцыйна. У штабе таксама прысутнічалі прадстаўнікі Humanosh.

Усе неабходныя рэчы былі загадзя закупленыя. На працягу прыкладна дзвюх гадзін правялі апытанні, пасля чаго ўсіх людзей тэрмінова размясцілі ў гатэлях. Пасля таго як людзі змогуць адпачыць, пачнецца наступны этап працы: легалізацыя, юрыдычныя кансультацыі, аказанне медыцынскай дапамогі, у тым ліку тэрміновай.

Асобная ўвага будзе нададзена ўз’яднанню сем’яў — тым, чые родныя застаюцца ў Беларусі. Для многіх гэта асабліва важна, бо некаторыя правялі ў турмах і калоніях больш за пяць гадоў без магчымасці нармальных кантактаў з блізкімі.

Усе былыя палітвязні знаходзяцца на сувязі, і за кожным замацаваны асабісты ментар. Гэта чалавек, які будзе суправаджаць іх крок за крокам: ад моманту рэгістрацыі і да поўнай легалізацыі, а таксама дапамагаць зразумець, як будаваць жыццё далей у новых умовах.

У Літве таксама быў загадзя падрыхтаваны штаб. У яго працы бралі ўдзел супрацоўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, а сама Святлана Ціханоўская асабіста знаходзілася там разам з валанцёрамі. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета, Праваабарончага цэнтра «Вясна», ініцыятывы «Вольная», фонду «Краіна для жыцця». Беларускія лекары, назву арганізацыі якіх пакуль нельга агалошваць, аказвалі медыцынскую дапамогу на месцы. Далучыліся і Літоўскі Чырвоны Крыж, а таксама дыпламаты розных краін, якія падтрымлівалі людзей у штабе.

Людзі, якія выйшлі на волю, моцна стомленыя, таму ім далі магчымасць адпачыць. Іх асноўнае жаданне — пабыць у цішыні і сам-насам з сабой. Гэтае жаданне было ўлічана: людзі жывуць асобна, не ў шэлтарах.

Асобную падзяку Вольга Зазулінская выказала арганізацыі Freedom House, якая вельмі хутка далучылася да дапамогі: яе супрацоўнікі арганізавалі жыллё і з наступнага дня пачынаюць дапамагаць з пытаннямі легалізацыі. 

Чытайце таксама:

«Ім складана прымаць дапамогу». Дзе будуць жыць палітвязні па прыездзе ў Еўрасаюз? Распыталі валанцёраў

Вызваленыя палітвязні прыехалі ў Вільню

Уладзь Лабковіч: Мы ўжо не героі, героі зараз знаходзяцца ў турмах

Бабарыка і Калеснікава ўжо паехалі ў Германію

Ціханоўская падзякавала ЗША, Польшчы і Літве за вызваленне палітвязняў

Фядута: Мы былі ў палоне ў іншапланецян

У Варшаву прыехала сотня беларускіх палітвязняў

Каментары да артыкула