БЕЛ Ł РУС

Прыёрбанк адмовіўся зрабіць картку шалёна папулярнай блогерцы праз тое, што яна ў спісе экстрэмістаў

18.12.2025 / 17:23

Арына Жураўская

Высветлілася, што Прыёрбанк не хоча адкрываць карткі тым, хто быў асуджаны па народным 342 артыкуле.

Блогерка Кацярына Чарэшка. Тут і далей скрыншоты яе інстаграма

У інстаграме Кацярына Чарэшка мае 523 тысячы падпісчыкаў. Менавіта яна стварыла папулярны марафон для пахудзення «Тлушчатоп».

Кацярыну Чарэшка затрымалі ў лістападзе 2022 года разам з мужам Сяргеем (ён таксама блогер, мае каля 88 тысяч падпісчыкаў у інстаграме) — іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў мірных акцыях пратэсту пасля выбараў 2020 года. У выніку папулярная блогерка атрымала два з паловай гады хатняй хіміі. Калі ў 2023 годзе прысуд набыў сілу, жанчыну разам з мужам дадалі ў спіс экстрэмістаў.

Сям'я засталася ў Беларусі, сёлета ў Кацярыны і Сяргея нарадзілася трэцяе дзіця.

Нядаўна блогерка сутыкнулася з праблемай: у яе перастаў працаваць ApplePay. Праз гэта не было магчымасці аплаціць неабходныя дадаткі — Кацярына кажа, што без праграмы CapCut абысціся ніяк не можа.

Самастойна зрабіць картку праз мабільны дадатак Прыёрбанка ў жанчыны не атрымалася — кожны раз усё выскоквала нейкая памылка. Тады Кацярына вырашыла схадзіць у аддзяленне банка — але і там супрацоўніца не змагла ёй дапамагчы. У выніку тая паабяцала звязацца з цэнтральным офісам і ператалефанаваць кліентцы.

Высветлілася, што праблема ў тым, што Кацярына знаходзіцца ў спісе экстрэмістаў.

«Сказалі, што мне, імаверна, могуць адкрыць картку, калі я прыйду, напішу заяву, якую дашлюць кіраўніцтву. Цягам пяці працоўных дзён кіраўніцтва яе разгледзіць, і потым яны, імаверна, адкрыюць картку, імаверна, адкрыюць з абмежаваннямі па карыстанні. І я такая: «Навошта? Я проста пайду ў любы іншы банк», — падзялілася ў сторыс Кацярына.

У выніку яна лёгка зрабіла сабе картку Беларусбанка. Праблему з ApplePay гэта вырашыла. Блогерка распавяла, што падыходзіць амаль любая картка Visa або Mastercard.

Чытайце таксама:

Школьніца ў Пухавічах сфатаграфавала картку бабулі і перастала сабе ў чымсьці адмаўляць

Нацбанк расказаў, што будзе са стаўкай рэфінансавання

У Беларусі запусцілі фінансавы маркетплэйс

Каментары да артыкула