Наўседа: Мы павінны быць цвёрдымі ў справе санкцый супраць Расіі і Беларусі
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, выступаючы перад журналістамі ў Бруселі, заявіў, што Еўрапейскаму саюзу цяпер не варта сумнявацца ў неабходнасці новых санкцый супраць Расіі і Беларусі, піша Delfi.lt.
Гітанас Наўседа. Фота: «Наша Ніва»
Кіраўнік Літвы падкрэсліў, што расійская эканоміка знаходзіцца ў няпростым стане, таму Еўропа павінна ўзмацніць ціск, у першую чаргу на буйныя энергетычныя кампаніі.
«Што тычыцца санкцый супраць Расіі і Беларусі, мы павінны быць цвёрдымі.
Я лічу, што цяпер не час сумнявацца, і мы павінны нацэліцца на самыя балючыя месцы — «Газпрам», «Наватэк» і «Лукойл», таму што толькі самыя смелыя рашэнні наносяць адчувальныя страты рэжыму і ўплываюць на расійскую эканоміку, якая і без таго знаходзіцца не ў найлепшым стане», — заявіў Наўседа.
«Мы ведаем, што іх эканоміка кульгае, і мы павінны яшчэ больш пастарацца, каб прымусіць Расію заплаціць за сваю агрэсію», — дадаў ён.
Яго меркаванне прагучала на фоне сустрэчы лідараў ЕС у Бруселі, дзе абмяркоўваюцца фінансавыя і вайсковыя патрэбы Украіны на наступныя гады. Адной з прапаноў Еўрапейскай камісіі з’яўляецца выдача Украіне расійскіх замарожаных актываў у выглядзе крэдыту, які трэба будзе вяртаць толькі ў выпадку выплаты Расіяй рэпарацый пасля вайны.
Акрамя Украіны, лідараў ЕС чакаюць абмеркаванні доўгатэрміновага бюджэту блока на 2028—2034 гады, прагрэсу краін Заходніх Балкан у працэсе інтэграцыі, геаэканамічнай сітуацыі, эканамічных выклікаў для ЕС і магчымасці падпісання пагаднення аб свабодным гандлі з чатырма краінамі Лацінскай Амерыкі.
Чытайце таксама:
У Літве дапусцілі транзіт беларускага калію і прапанавалі ўвязаць яго з прысутнасцю сіл ЗША ў краіне
Літва не будзе прапускаць беларускі калій праз Клайпеду, нягледзячы на адмену санкцый ЗША
Міністры замежных спраў ЕС ухвалілі пашырэнне санкцыйнага рэжыму ў дачыненні да Беларусі