БЕЛ Ł РУС

У «Белавія» расказалі, чаму падчас рэйсаў пасажыраў не кормяць дранікамі

19.12.2025 / 17:12

Nashaniva.com

У авіякампаніі «Белавія» расказалі, чаму ў бартавым меню авіяперавозчыка дагэтуль няма дранікаў. Як патлумачыла выданню Tochka.by начальніца комплексу наземнага абслугоўвання авіякампаніі Галіна Каўшова, прыгатаваць гэтую страву для падачы ў самалёце аказалася не так проста.

Здымак ілюстрацыйны. Крыніца: Getty Images

«Дранікі — прадукт даволі складаны, каб падаць страву ў самалёце менавіта так, як мы любім у Беларусі, з пылу з жару. А тое, што дойдзе да пасажыра пасля гатавання і папярэдняга падагрэву на борце, нас не задавальняе. Пройдзе даволі шмат часу, дранік не будзе ўжо тым самым смачным і гарачым, калі ён прыносіць самую вялікую асалоду», — пракаментавала прадстаўніца авіяперавозчыка.

Галіна Каўшова адзначыла, што ежа ў палёце не павінна расчароўваць пасажыра.

«Таму і няма ў меню дранікаў. Але мы працуем над гэтым. І калі атрымаецца дамагчыся таго смаку, які нам спадабаецца, тады і на борце пачнём падаваць гэтую страву», — запэўніла яна.

Акрамя таго, Belavia паказала журналістам дадатковае бартавое харчаванне. Такая опцыя ў палёце платная. Яна дадаецца ў браніраванне на сайце авіякампаніі ў раздзеле «Статус браніравання» не пазней чым за 25 гадзін да вылету.

Фота: Павел Русак / Tochka.by

На выбар пасажырам прапануюць сэты з піражкоў.

«Мы доўга думалі пра тое, якую страву прапанаваць, каб яе было смачна і зручна есці ў самалёце. І каб гэта было з адценнем чагосьці самабытнага. Не хот-дог ці бургер. І было вырашана, што добрымі будуць піражкі. Яны даюць нейкую хатнюю ўтульнасць. І нам захацелася вось так парадаваць нашых пасажыраў, зрабіць палёт камфортным», — адзначыла Галіна Каўшова.

Чытайце таксама:

243 беларускія рэстараны і кавярні спецыялізуюцца на нацыянальнай кухні

У Магілёве ўзяліся папулярызаваць асянікі. Што гэта такое?

У Беларусі выпусцілі гастранамічную карту краіны. Там ёсць не толькі дранікі

Мінчук паабедаў у рэстаране і заплаціў 98 рублёў

Каментары да артыкула