БЕЛ Ł РУС

Загінуў стваральнік неанацысцкай брыгады расійскіх фанатаў «Эспаньёла». Магчыма, забілі пры затрыманні

19.12.2025 / 18:17

Nashaniva.com

Загінуў камандзір расійскай ультраправай добраахвотніцкай брыгады футбольных фанатаў «Эспаньёла» Станіслаў Арлоў, вядомы пад мянушкай «Іспанец». Пра яго смерць паведамілі ў тэлеграм-канале падраздзялення. Пахаванне запланаванае на 22 снежня ў Маскве, піша Astra.

Станіслаў Арлоў

У паведамленні адзначаецца, што абставіны гібелі пакуль застаюцца незразумелымі. Па словах прадстаўнікоў «Эспаньёлы», цэнтральныя следчыя органы цяпер высвятляюць дакладную прычыну і месца смерці, а таксама асоб, якія могуць быць да гэтага датычныя. Афіцыйную інфармацыю абяцаюць апублікаваць пасля завяршэння расследавання.

Прыкладна два тыдні таму выданне «Царьград», якое звязваюць з блізкім да Крамля бізнэсменам Канстанцінам Малафеевым, паведаміла пра нібыта затрыманне Арлова па справе аб незаконным абарачэнні зброі. Пасля гэтага вядомы дрэсіроўшчык і актыўны прыхільнік вайны ва Украіне Эдгар Запашны напісаў у сацсетках, што «Стаса больш няма», але неўзабаве выдаліў гэты допіс.

У неанацысцкіх колах, у прыватнасці ў супольнасці дыверсійна-штурмавой разведвальнай групы «Русіч», сцвярджаюць, што Арлова маглі забіць падчас затрымання. Пракрамлёўскі канал Mash паведамляў, што «Іспанец» некалькі дзён знаходзіўся ў коме, але прычыну гэтага не ўдакладняў.

Станіслаў Арлоў удзельнічаў у баявых дзеяннях ва Украіне з 2014 года. У 2022 годзе ён стварыў брыгаду «Эспаньёла», у склад якой уваходзілі сотні ультраправых футбольных фанатаў. Афіцыйна яна называлася 88‑я разведвальна-дыверсійнай брыгадай «Эспаньёла», а ў лічбах 88 быў зашыфраваны вокліч «Хайль Гітлер!» (па-нямецку Heil Hitler!, а літара H у лацінскім алфавіце восьмая).

Сярод іншага брыгаду «Эспаньёла» актыўна піярыла і лукашэнкаўская прапаганда, у прыватнасці, ёй вельмі захапляўся Рыгор Азаронак. А на дзяржаўным тэлеканале СТБ пра прарасійскага актывіста з Беларусі Сяргея Лушча захоплена казалі, што «Эспаньёла», Народная міліцыя, Расгвардыя, Ахмат — яго стыхія».

У кастрычніку 2025 года было абвешчана пра расфармаванне брыгады, а частка яе байцоў перайшла ў склад расійскай арміі. 18 снежня ў «Эспаньёле» афіцыйна заявілі, што падраздзяленне як баявая адзінка больш не існуе.

Чытайце таксама:

Расійская брыгада «Эспаньёла», якая складалася з ультраправых футбольных фанатаў для вайны з Украінай, абвясціла пра расфарміраванне

Хакеісты ЦСКА выйшлі на размінку ў форме з літарай Z і эмблемай батальёна «Эспаньёла», які ваюе ва Украіне

Расійская неанацыстка, якая адсядзела 16 гадоў за забойства адваката і журналісткі: Ён напрошваўся сваімі поглядамі на чачэнскую кампанію

Лідар магілёўскіх фанатаў пасля сутак збіраўся ва Украіну па свабоду, а цяпер ён за Лукашэнку, ГУБАЗіК і Расію

Каментары да артыкула