БЕЛ Ł РУС

Падчас рэстаўрацыі сінагогі ў Ваўкавыскім раёне знайшлі падмурак невядомага будынка

19.12.2025 / 18:49

Nashaniva.com

Рэстаўрацыя вядзецца ў цэнтры вёскі Ізабелін, якая мае багатую гісторыю, і тычыцца архітэктурнага помніка XVIII стагоддзя — барочнай сінагогі. У будучыні тут плануецца арганізаваць музейную экспазіцыю, піша БелТА.

Фота: Інстытут гісторыі НАНБ

Падчас земляных работ супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАНБ, якія ажыццяўляюць археалагічны нагляд за імі, знайшлі каменны падмурак іншага будынка.

Яго можна было б прыняць за падмурак «Кляйнэ Шуль» — Малой сінагогі, што ўваходзіла ў комплекс сінагагальнага двара Ізабеліна. Аднак вядома, што драўляная Малая сінагога існавала толькі з XIX стагоддзя, тады як знойдзены падмурак адносіцца да другой паловы XVIII стагоддзя, пра што сведчыць і нумізматычны матэрыял.

Падмурак мае некалькі архітэктурных асаблівасцяў, сярод якіх асабліва цікавая — выкарыстанне у канструкцыі каменных жоранаў. Таксама даследчыкаў зацікавіла, што ў зоне ўваходу падмурак пакрыты пляскатым дахавым матэрыялам XVII стагоддзя.

Акрамя таго, знайшлі аснову печы з развалам кафлі XVII стагоддзя. Гэта сведчыць пра тое, што да стварэння сінагагальнага двара ў цэнтры Ізабеліна існаваў іншы будынак з багата дэкараванымі печамі.

Чытайце таксама:

Пра што можа расказаць унікальная кафля, вывезеная з раскопак у Навагрудку ў Піцер

На могілках пад Ваўкавыскам ціха згніла старажытная драўляная царква

У Навагрудку археолагі знайшлі ўчастак падмурка XVIII стагоддзя

Тысячагадовыя фібулы знайшлі ў Брэсцкай вобласці. Іх стварылі венеды і готы

Каментары да артыкула