У мінскім метро расказалі, якія каштоўныя рэчы забываюць у спешцы пасажыры
У Мінскім метрапалітэне кожныя суткі перамяшчаецца да 750 тысяч чалавек. Натуральна, што не абыходзіцца без таго, што ў спешцы некаторыя пасажыры нешта ў ім губляюць. Падрабязнасці расказалі ў прэс-службе прадпрыемства.
Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацыяльных сетак
«Толькі за мінулыя суткі, з 7:00 18 снежня да 7:00 19 снежня, у метро былі знойдзеныя некалькі банкаўскіх карт, сумка з ноўтбукам і дакументамі, праязныя і студэнцкі білеты, пашпарт, каталог тканін, кейс з навушнікамі і некаторыя іншыя прадметы», — паведамляе прэс-служба.
Увечары 18 снежня адзін з пасажыраў знайшоў у пешаходным пераходзе на станцыі метро «Каменная Горка» партманэ, у якім былі пасведчанне кіроўцы і 1675 рублёў.
«Усё гэта прыстойны чалавек добрасумленна перадаў інспектару службы бяспекі метрапалітэна», — адзначылі на прадпрыемстве.
У той жа дзень адна з пасажырак знайшла ў вестыбюлі станцыі метро 100 рублёў і таксама перадала іх ахоўніку.
«Такіх выпадкаў за год адбываецца досыць шмат, — падкрэслілі ў прэс-службе. — Мы вельмі ўдзячныя ўсім нашым пасажырам, якія садзейнічаюць вяртанню рэчаў і грашовых сродкаў тым, хто іх «пасеяў». Гэта вельмі прыстойна і годна».
Акрамя таго, на прадпрыемстве выказалі ўдзячнасць калегам з розных структурных падраздзяленняў — у першую чаргу, службы бяспекі, службы руху, службы пуцей і тунэльных збудаванняў, якія кожны дзень знаходзяць у метро розныя прадметы і матэрыяльныя каштоўнасці. Яны перадаюць іх ва ўстаноўленым парадку адпаведным супрацоўнікам, якія афармляюць гэтыя знаходкі і забяспечваюць іх часовае захоўванне.
У метрапалітэне звярнулі ўвагу пасажыраў: калі хтосьці нешта згубіў на тэрыторыі аб’ектаў метро, трэба тэлефанаваць на гарачую лінію прадпрыемства (працуе штодня з 8:00 да 20:00) па гарадскім нумары: (+375 17) 383-83-83. Супрацоўнікі паспрабуюць дапамагчы, калі такія прадметы былі знойдзеныя іншымі пасажырамі або работнікамі падземкі.
Чытайце таксама:
Інжынера, які запускаў трэцюю лінію мінскага метро, асудзілі за «Гаюна»
У мінскім метро праходзяць выпрабаванні новыя цягнікі ФОТЫ
На станцыі мінскага метро з'явілася навагодняя елка ФОТАФАКТ
У мінскім метрапалітэне пракаментавалі інцыдэнт з абсыпаннем фарбы на станцыях метро