«Я толькі за»: Зяленскі назваў галоўныя ўмовы для правядзення выбараў ва Украіне
Арганізацыя выбараў ва ўмовах ваеннага часу запатрабуе змен ва ўкраінскім заканадаўстве.
Фота: УНІАН
Прэзідэнт Украіны запэўніў, што не мае намеру трымацца за прэзідэнцкае крэсла. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю для PAP, паведамляе УНІАН.
Адказваючы на пытанне пра магчымасць правядзення выбараў ва Украіне, ён нагадаў, што Расія пастаянна абстрэльвае цывільныя аб’екты ў яго краіне.
«Мая рэакцыя на сігналы з боку ЗША была вельмі адкрытай: я сказаў, што не маю ніякага намеру ні пры якіх абставінах трымацца за прэзідэнцкае крэсла. Вядома, калі будзе забяспечаная магчымасць правядзення належных, годных і дэмакратычных выбараў», — падкрэсліў украінскі лідар.
Паводле слоў Зяленскага, арганізацыя выбараў ва ўмовах ваеннага часу запатрабуе заканадаўчых змен ва ўкраінскім заканадаўстве:
«З іншага боку, калі спытаць украінскіх грамадзян, ці хочуць яны гэтых выбараў і ці гатовыя да іх, то (…) безумоўна, усе баяцца правядзення выбараў у ваенны час, безумоўна, ніхто не можа ўявіць, як гэта можна зрабіць бяспечна і сумленна».
«Аднак я хачу падкрэсліць, што калі ёсць магчымасць гарантаваць бяспеку людзей на час правядзення такіх выбараў, каб людзей проста не забівалі, калі яны прыходзяць на выбарчыя ўчасткі, то я толькі за», — дадаў ён.