Мінздароўя забараніла выкарыстоўваць некаторыя БАДы расійскай вытворчасці
Міністэрства аховы здароўя Беларусі забараніла выкарыстанне васьмі біялагічна актыўных дабавак расійскай вытворчасці з-за парушэнняў патрабаванняў бяспекі. Парушэнні выявілі падчас дзяржаўнага санітарнага нагляду за абарачэннем БАДаў.
Фота ілюстрацыйнае
Як паведамілі ў ведамстве, дабаўкі вытворцы ТАА «Саплемент Груп» змяшчалі значнае перавышэнне дапушчальных сутачных доз вітамінаў і іншых актыўных рэчываў. У некаторых выпадках нормы былі перавышаныя ў дзясяткі і нават больш як у сто разоў.
Напрыклад, у асобных БАДах утрыманне вітаміну D3, вітаміну B12, ніацынаміду, кафеіну, астаксантыну і рэсвератролу значна выходзіла за межы, дазволеныя заканадаўствам.
Пастановай галоўнага дзяржаўнага санітарнага доктара Беларусі ад 20 снежня 2025 года забароненыя ўвоз, захоўванне, перавозка і выкарыстанне гэтых прадуктаў на тэрыторыі краіны.
У Мінздароўя падкрэслілі, што бескантрольны прыём біялагічна актыўных дабавак можа прывесці да сур’ёзных праблем са здароўем — ад лёгкіх пабочных рэакцый да цяжкіх паражэнняў унутраных органаў. У сувязі з гэтым грамадзян заклікалі перад ужываннем БАДаў абавязкова кансультавацца з медыцынскімі спецыялістамі.
Чытайце таксама:
Ці можна насіць адны і тыя ж шкарпэткі некалькі дзён? Мікрабіёлагі даюць адназначны адказ
Псіхіятр папярэдзіў пра рэальную небяспеку фенібуту
Што вядома пра сетку кол-цэнтраў, якія ўцюхвалі беларускім пенсіянерам біядабаўкі