У Светлагорскім раёне мужчына трапіў пад крыміналку за жаданне бачыць з дома раку
Мужчына, які нядаўна стаў уладальнікам прыватнага дома ў вёсцы Васілёўка Светлагорскага раёна, незаконна высек 186 дрэў, каб лепш бачыць раку, і апынуўся пад следствам.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
З інфармацыі Следчага камітэта, у сакавіку гэтага года жыхар Бабруйска набыў дом з участкам каля ракі Бярэзіна. Ён жыў і працаваў у Маскве і надумаў «прыгожа аформіць» сваю новую маёмасць: наняў брыгаду для руйнавання старых пабудоў і пабудовы новых, а таксама ўпарадкавання тэрыторыі за межамі свайго надзелу — уладкавання газона, пляжа і прычала.
Мужчына не меў дазволу на высяканне дрэў, але даў загад спілаваць іх усе ад плота дома да берага ракі, хоць гэтая тэрыторыя адносіцца да зямель агульнага карыстання і СУП «Міхайлаўскае-агра». У выніку было знішчана 186 дрэў розных парод, а шкода, прычыненая асяроддзю, ацэненая на 12 975 рублёў.
Следства кваліфікавала дзеянні 45‑гадовага жыхара Бабруйска паводле артыкула 277 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь як незаконнае высяканне дрэў з прычыненнем вялікай шкоды. Мужчына прызнаў віну, кампенсаваў шкоду і папрасіў вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці.
Улічваючы, што гэта першае злачынства, якое не нясе вялікай грамадскай небяспекі, а таксама добраахвотная кампенсацыя шкоды і шчырае раскаянне, пракурор дазволіў спыніць крымінальную справу і прыцягнуць вінаватага толькі да адміністрацыйнай адказнасці — штрафу.
Чытайце таксама:
Мінчук пабіўся з незнаёмцам з-за жонкі і страціў зрок на адным воку
У Пружанах мужчыну затрымалі за галюцынагенныя грыбы, назбіраныя ў лесе
У Мінску міліцыя затрымала кур’ерку махляроў і вярнула грошы пенсіянерцы