БЕЛ Ł РУС

«Цуду не адбылося». Кацярына Ваданосава расказала, што яе маці ў крытычным стане

26.12.2025 / 16:55

Nashaniva.com

У маці тэлевядоўцы і спявачкі Кацярыны Ваданосавай — Нэлі Ваданосавай — 23 снежня адбылося кровазліццё ў мозг. Кацярына расказала ў фэйсбуку, што стан яе маці вельмі цяжкі.

«Мая маці памірае. Цуду не адбылося.

Яна так і не прыйшла ў сябе. Пазаўчора яе падключылі да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх і да іншых сістэм забеспячэння жыццядзейнасці. Але мозг пашкоджаны незваротна, у нас застаўся толькі адзіны шлях.

Я не ведаю, колькі ў мяне засталося часу. Можа, 5 хвілін, можа, 5 дзён, пакуль яе цела яшчэ прымае кісларод», — піша Кацярына.

Праз гадзіну пасля інсульту жанчыну павезлі на аперацыю. Ёй праз сасуд дасталі тромб.

«Але цуду не адбылося. Палова яе мозгу залітая крывёй. Гэта незваротна.

Пакуль я 7 гадзін чакала, я пазваніла ў Петра медыку, якая апякуецца ўцекачамі ў чаканні міжнароднай аховы. Там сказалі, што ўжонд у справах уцекачоў не ўнёс маю маці ў базу забяспечаных страхоўкай. Да панядзелка ва ўжондзе нікога няма — святы. Паводле закону мая маці мусіць быць забяспечаная, але з-за бюракратыі гэта не так.

Я не ведаю, ці змагу дамагчыся яе забеспячэння. Я не ведаю, ці будзе яна жывая да панядзелка. Рахунак за аперацыю ды іншыя маніпуляцыі — ад дзясяткаў да соцень тысяч злотых. Не ведаю пакуль дакладна, але лічбы такія.

І мне трэба рыхтавацца да развітання», — напісала Кацярына.

Маці тэлевядоўцы больш за год таму выехала з Беларусі праз ціск з боку КДБ і падалася на міжнародную абарону. Апошнім часам яна жыла разам з сям’ёй дачкі ў Беластоку.

Увосень польская памежная служба прыняла пастанову аб яе дэпартацыі ў Літву праз бюракратычныя непаразуменні: улады не ўлічылі, што справа аб міжнароднай абароне яшчэ разглядалася і быў прызначаны суд. Пазней дэпартацыю адмянілі.

Прычынай пагрозы высылкі стала тое, што жанчына ўехала ў Польшчу з літоўскай візай. Гэта звязана з так званым Дублінскім рэгламентам, які вызначае, якая краіна нясе адказнасць за разгляд хадайніцтва аб прытулку або міжнароднай ахове.

Падтрымаць Кацярыну Ваданосаву можна тут.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула