Былога міліцыянера і футбаліста аматарскай лігі асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
31‑гадовы Антон Макараў пайшоў з сілавых органаў у 2017-м.
Антон Макараў. Фота з інстаграма
Антону Макараву 31 год. Са звестак «Кіберпартызанаў», да 2017 года Макараў працаваў у сілавых структурах. Ён займаў пасаду міліцыянера-кіроўцы ў аператыўна-дзяжурнай службе Заводскага РУУС Мінска, быў старшым сяржантам міліцыі.
Макараў звольніўся з органаў у студзені 2017 года. Працаваў у іншых сферах.
У сацсетках ён дзяліўся фотаздымкамі з сям'ёй — у яго ёсць жонка і двое дзяцей.
Макараў — аматар футбола і гулец каманды «Фенікс», якая выступае ў Аматарскай лізе футбола (АЛФ). У сезоне 2025 года Антон быў адным з ключавых гульцоў складу, выступаў на пазіцыі абаронцы. У вясновым турніры 2025 года яго прызналі найлепшым гульцом спаборніцтваў, а каманда заняла трэцяе месца.
Макарава асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе па дзвюх частках артыкула 361‑4 — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Дэталі крымінальнай справы невядомыя, але пераслед можа быць звязаны са справай Гаюна. Цяпер Макараў адбывае пакаранне — гэта або калонія, або хімія з накіраваннем.
Чытайце таксама:
Гаспадара таго самага Мухтара з серыяла асудзілі за палітыку