«Яны выдыхнулі з палёгкай, пазбавіўшыся мяне». Аляксандр Фядута расказаў, што з ім было ў калоніі
27 снежня ў Варшаве адбылася сустрэча з былым палітвязнем, палітолагам і публіцыстам Аляксандрам Фядутам, якога вызвалілі ў групе 123 палітзняволеных 13 снежня. Падчас яе былы зняволены расказаў пра некаторыя дэталі свайго жыцця ў няволі, пра сваё вызваленне і адказаў на шмат пытанняў. Пра што гаварылася на гэтай сустрэчы, расказаў «Белсат».
Аляксандр Фядута адказвае на пытанні аўдыторыі падчас сустрэчы ў парафіі Cвятога Аляксандра. Варшава, 27 снежня 2025 года. Фота: «Белсат»
Першыя ўражанні
Спатканне з Аляксандрам Фядутам, прызначанае на 15‑ую гадзіну, пачалося з невялікім спазненнем. Праз хвілін дзесяць у невялікі пакой парафіі Cвятога Аляксандра ў Варшаве няспешнай хадой, абапіраючыся на кіёк, увайшоў крыху стомлены з выгляду мужчына, у белай фуфайцы з невялікім залатым гербам Украіны на грудзях — вопратка перададзеная валанцёрамі ва Украіне.
Тыя, хто бачыў Аляксандра Фядуту да зняволення, наўрад ці пазналі б яго ў гэтым чалавеку: моцна схуднелы (як сам пасля прызнаецца, скінуў 40 кілаграмаў), сутулаваты. Але манера трымацца, упэўнены тон, бескампрамісныя выказванні сведчылі: перад сабранымі, як было пазначана ў анонсе спаткання, усё той жа «беларускі палітолаг і публіцыст, чалавек з вялікім інтэлектуальным і жыццёвым вопытам». Гаварыў Фядута ціха — час ад часу ўспыхваючы ў спрэчцы і паказваючы моц голасу, а пасля гэтак жа раптоўна пераходзіў амаль на шэпт.
Гаварылі пра ўсё. Але пераказваць з гэтага можна нямногае… У першую чаргу на просьбу самога выступоўцы.
Цягам размовы Аляксандр Фядута неаднойчы падкрэсліваў, што ягоныя словы тут, на волі, могуць нашкодзіць людзям у Беларусі, асабліва ў зняволенні. Праілюстраваў гэта ён прыкладам з уласнага досведу.
Так, аднойчы на свабоду выйшаў чалавек, які адбываў пакаранне ў тым жа атрадзе, што і Фядута. Ужо на волі мужчына пачаў даваць інтэрв’ю медыям, расказваючы ў іх пра зняволенага палітыка. Праз некаторы час Фядуту выклікаў да сябе начальнік калоніі і спытаў: «Вы што-небудзь даручалі яму перадаваць? Не? Тады проста скажыце яму дзякуй». Пасля гэтага Фядуту пакаралі чатырма спагнаннямі, пазбавіўшы дазволеных перадачаў і спаткання з жонкай, якое яны наўмысна адклалі на час шасцідзесяцігадовага юбілею зняволенага. Менавіта гэтыя спатканні былі для яго сапраўдным святам у калоніі.
Аляксандр Фядута адказвае на пытанні аўдыторыі падчас сустрэчы ў парафіі святога Аляксандра. Варшава, 27 снежня 2025 года. Фота: «Белсат»
«Кава была для мяне стратэгічным прадуктам»
Пачаў сустрэчу Аляксандр Фядута з падзякаў тым, хто чакаў яго на волі:
«Дзякуй за тое, што памятаеце. Гэта было вельмі важна, бо там рабілася ўсё, каб пра нас забыліся».
З вялікай удзячнасцю расказваў ён і пра тых, хто дапамагаў яму ўнутры калоніі. Паводле ягонага аповеду, у першыя паўтара месяцы дактары, якія страшна баяліся, што ў яго можа здарыцца інфаркт, «сагналі» ў яго з дапамогай лекаў 40 кілаграмаў вагі, ад гэтага ў палітвязня пачаў падаць ціск.
«А разам з ціскам пачаў падаць і я. Таму кава была для мяне стратэгічным прадуктам», — адзначае Аляксандр Фядута.
Каб яму дапамагчы, каву збіралі ўсёй калоніяй, і ўсё гэта нягледзячы на тое, што за такія дзеянні кожнаму свяціла траплянне ў ШІЗА. Прычым збіралі не толькі палітвязні, але і тыя, хто насіў «белыя біркі» — зняволеныя паводле іншых, непалітычных артыкулаў.
Агулам жа быццё ў калоніі Фядута акрэсліў так:
«Мне пашанцавала: мяне не білі, мяне не катавалі, не адпраўлялі ў ШІЗА».
Ён дапускае, што ўсё пералічанае магло б мець месца, але не здарылася — цалкам магчыма, гэтаму паспрыяла даволі цвёрдая пазіцыя начальніцы медчасткі. У калоніі сачылі за ягоным станам і вельмі не хацелі, каб у яго здарыўся інфаркт (пра гэта выступоўца паўтарыў некалькі разоў цягам сустрэчы).
У жонкі Аляксандра Фядуты была магчымасць перадаваць яму лекі ў калонію, і раз на два месяцы ён атрымліваў бандэроль з неабходнымі прэпаратамі, кошт адной такой бандэролі — 400 рублёў.
«Гэта вельмі шмат», — падкрэслівае былы палітвязень і дадае: «Я думаю, што ўсе яны выдыхнулі з палёгкай, пазбавіўшыся мяне».
Аляксандр Фядута адказвае на пытанні аўдыторыі падчас сустрэчы ў парафіі Cвятога Аляксандра. Варшава, 27 снежня 2025 года. Фота: «Белсат»
Скрадзеныя рукапісы
Аляксандр Фядута з горыччу расказаў пра «скрадзеныя» ў яго падчас вызвалення рукапісы. Ён заўважыў, што яму, відавочна наўмысна, не далі сабраць свае рэчы самому, паведаміўшы, што іх пагрузілі асобна і што рукапісы паклалі туды ж. Больш іх ён не бачыў, прычым Фядута ўпэўнены, што атрымаць гэтыя тэксты ў яго не будзе магчымасці.
Адзін з рукапісаў — гэта кінасцэнарый пра ўзаемадачыненні расійскага пісьменніка Міхаіла Булгакава і Іосіфа Сталіна.
Яшчэ адну кнігу — каментары да кнігі Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» — усё ж удалося перадаць на волю. Атрымалася гэта не без цяжкасцяў: сшыткі з рукапісамі гэтага твора першапачаткова забраў у яго следчы КДБ. На знак пратэсту Аляксандр Фядута адмовіўся прымаць лекі — у выніку сшыткі былі вернутыя, а пасля іх удалося перадаць праз жонку на волю. Цяпер над імі вядзецца праца, бо, на думку палітолага, гэтая кніга ёсць самай важнай для беларусаў з тых, што былі напісаныя ў ХХ стагоддзі. Аднак гэты пратэст моцна падарваў здароўе, заўважае былы палітвязень.
У планах у Аляксандра Фядуты напісанне яшчэ дзвюх кніг. Адна з іх — пра пяць гадоў жыцця, праведзеных у калоніі. Пры гэтым, лічыць выступоўца, гэта трэба зрабіць так, каб не нашкодзіць людзям, якія застаюцца за кратамі, і ў той жа час сказаць праўду.
Другая кніга — пра аднаго з заснавальнікаў беларускага таварыства філаматаў і філарэтаў Тамаша Зана. Праўда, прызнаецца Фядута, праблема ў тым, што рукапісы, якія былі напісаныя яшчэ да зняволення, маглі не захавацца, і пакуль гэта адно з найбольшых хваляванняў даследчыка.
Аляксандр Фядута адказвае на пытанні аўдыторыі падчас сустрэчы ў парафіі Cвятога Аляксандра. Варшава, 27 снежня 2025 года. Фота: Белсат
Прэс-канферэнцыя ў Чарнігаве
Падзяліўся Аляксандр Фядута і сваімі ўражаннямі ад прэс-канферэнцыі ў Чарнігаве пасля вызвалення. Прапанова ўзяць у ёй удзел была зроблена толькі частцы палітвязняў, бо чыста тэхнічна пасадзіць у адной зале больш за сто чалавек было праблематычна.
Па словах Аляксандра Фядуты, ён прапанаваў далучыцца да размовы з журналістамі іншым былым палітвязням, якія мелі меншыя тэрміны і былі менш вядомымі. Але ім быў паказаны спіс з тых, чый удзел быў пажаданым. Хто яго складаў — Фядута не ў курсе.
Аляксандр Фядута адказвае на пытанні аўдыторыі падчас сустрэчы ў парафіі святога Аляксандра. Варшава, 27 снежня 2025 года. Фота: «Белсат»
Сыход з палітыкі
За час размовы Аляксандр Фядута неаднаразова падкрэсліваў, што збіраецца пайсці з палітыкі і прысвяціць сябе навуковай дзейнасці. Ён жартам заявіў, што разумее ўсю «крамольнасць» сваіх словаў, але ганарыцца тым, што ён доктар габілітаваны (доктар навук у Беларусі) Ягелонскага ўніверсітэта, дзе Францыск Скарына быў бакалаўрам. Таму ў далейшых планах — праца, каб не быць цяжарам для той дзяржавы, якая яго прыняла (ён паўтарыў тыя ж словы, што казаў падчас прэс-канферэнцыі ва Украіне).
Пры канцы сустрэчы Аляксандр Фядута заўважыў, што не вельмі верыць у тое, што цягам пяці наступных гадоў зможа вярнуцца ў Беларусь. «А праз пяць гадоў мне будзе 66. Ну і куды я?»
Чытайце таксама:
Фядута: Мы былі ў палоне ў іншапланетнікаў
Фядута апошнія паўтара месяца правёў у медчастцы і рыхтаваўся да аперацыі