БЕЛ Ł РУС

«Гэты хлопец, відаць, падасланы — у яго боты начышчаныя»: Севярынец расказаў гісторыю з’яўлення Дашкевіча ў «Маладым фронце»

5.01.2026 / 12:52

Лаўрын Кулеш

Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец у новым выпуску ТОКа падзяліўся ўспамінамі пра тое, як у 2000 годзе ў шэрагі «Маладога фронту» прыйшоў Зміцер Дашкевіч, як ён прайшоў праверку і не падпарадкаваўся партыйнай дысцыпліне на Дзень Волі ў 2003 годзе.

Паводле слоў Севярынца, Зміцер прыйшоў у «Малады фронт» у 2000 годзе на хвалі акцый пратэсту.

«Да мяне падыходзіць кіраўнік дружыны, спартовага аддзела — гэта бяспека ў Маладым Фронце — і кажа:

— Паша, слухай, гэты хлопец, відаць, падасланы.

— А чаго?

— Ну паглядзі, як ён акуратна апрануты, пастрыжаны. І боты начышчаныя. Ты ведаеш, у іх там [у КДБ] чысцяць боты. Гэта кепская прыкмета».

Як тлумачыць Севярынец, сваім знешнім выглядам Дашкевіч сапраўды вельмі адрозніваўся ад астатніх удзельнікаў «Маладога фронту»:

«У нас была агромная маса нефармалаў: смаленых, паленых, валасатых. Можна сабе ўявіць, што такое моладзевы рух пратэсту. І тут раптам такі акуратны, пастрыжаны, у начышчаных ботах чалавек».

Каб праверыць настойлівасць навічка, кіраўніцтва вырашыла зладзіць яму своеасаблівы тэст: Змітра пакінулі чакаць, пакуль ішла нарада. Дашкевіч дачакаўся. Па словах Севярынца, былі спадзяванні на тое, што Зміцер «сам адваліцца, калі яны праявяць яго сутнасць» у будучым. Аднак першае ўражанне аказалася памылковым:

«Потым бачым: ну нармальны хлопец. Класны, ва ўсім удзельнічае, размаўляе па-беларуску. Не, мусіць, начышчаныя боты не азначаюць, што чалавек з КДБ».

«Не трэба апускаць сцяг!»

Сапраўдны пераломны момант, пасля якога стала зразумела, што Дашкевіч — прыроджаны лідар, адбыўся праз тры гады, падчас дэманстрацыі на Дзень Волі ў 2003 годзе:

«Сітуацыя была такая. Мы ідзём па праспекце Скарыны (цяпер — Незалежнасці — НН). Міліцыя пачынае нас папярэджваць: «Вось дойдзеце да вуліцы Варвашэні (цяпер — праспект Машэрава) — і вас пачнуць браць. Калі выпусціце сцягі і пройдзеце гэта скрыжаванне, туды да плошчы Якуба Коласа, куды вы хочаце ісці, вы даберацеся».

Кіраўніцтва «Маладога фронту» вырашыла пагадзіцца на гэты кампраміс:

«Мы раімся: «Добра, давайце мы апусцім сцягі на скрыжаванні, а пасля іх падымем зноў. Усё будзе добра». Ну і вось я хаджу, папярэджваю ўсіх пра гэтую сітуацыю, усе спускаюць сцягі».

Аднак, як згадвае Севярынец, Зміцер Дашкевіч адмовіўся выконваць гэты загад:

«Зміцер Дашкевіч адзін ідзе з вялікім сцягам.

— Зміцер, апусці сцяг!

— Гэта не сцяг.

— Як не сцяг?

— Гэта нацыянальная святыня! Не апушчу.

— Зміцер, ну тут жа проста зараз будуць разганяць народ, ты што? Партыйны загад!

— Ды ідзі ты падалей са сваім партыйным загадам».

У выніку спецназ разагнаў акцыю, і ўсе актывісты апынуліся ў адной камеры на Акрэсціна. Павел Севярынец прызнаецца, што хацеў там правесці выхаваўчую гутарку з Дашкевічам. Аднак рэакцыя сукамернікаў была нечаканай.

«Кажу: «Зміцер, слухай, ну ты разумееш, што з-за твайго аднаго сцяга мы ўсе загрымелі сюды?»

Уся камера хорам: «Зміцер малайчына! Усё правільна! Не трэба апускаць сцяг нават на хвіліну!»

Як даводзіць Севярынец, гэты выпадак стаў для яго ўрокам:

«Я зразумеў, што памыляўся. Такія тактычныя хады і меркаванні могуць далёка завесці, а народ са Змітром аказаўся».

З таго часу Зміцер Дашкевіч стаў адным з безумоўных лідараў моладзевага руху і ў свой час яго ўзначаліў.

Зміцер Дашкевіч. Фота Надзеі Бужан

Сцяг на акцыі «Горад наш»

Як згадвае Павел Севярынец, у свой час «Малады фронт» рэгулярна ладзіў акцыю «Горад наш», падчас якой у розных гарадах развешваліся бел-чырвона-белыя сцягі:

«Мы падымалі бел-чырвона-белыя сцягі на ключавых пунктах беларускіх гарадоў. Часам былі дзясяткі гарадоў. На Дзень святога Валянціна мы любілі гэта рабіць, на Дзень Волі. Ну і проста абазначаць бел-чырвона-белымі сцягамі, сцягамі Хрыста вышыні над Беларуссю».

Менавіта такія акцыі былі нагодай праверыць перспектыўных навічкоў — наколькі здольны чалавек, наколькі ён далёка можа пайсці ў змаганні.

Заданне атрымаў і Зміцер Дашкевіч. Як згадвае Севярынец, лакацыю яны абралі цікавую:

«Гэта было ў квартале, дзе Дом друку знаходзіцца. І дом адным бокам выходзіць на вуліцу Сурганава, там БелаПАН, а другім бокам выходзіць на «Савецкую Беларусію», «Рэспубліку», усе дзяржаўныя выданні. І вось на гэтай пяціпавярхоўцы трэба было вывесіць сцяг».

Сітуацыя ўскладнялася зімовым надвор'ем.

«Знаходзім пад’езд, падымаемся на дах. А зіма, ды яшчэ такое тыпова беларускае надвор’е — дах як шкло. І дах круты. Выглядваем, я кажу: «Зміцер, давай вешаць з гэтага боку, на борціку, «Савецкая Беларусія» убачыць».

Ён кажа: «Не-не-не, трэба на самы дах, там маланкаадвод, я пачаплю там!»

У выніку хлопцы палезлі на дах без ніякай страхоўкі:

«Абсалютна без нічога (…) Вылазім на дах. (…) Я ўжо проста на пузе літаральна паўзу на гэты дах. А Зміцер караскаецца на самы канёк, бярэ ў адну руку заплечнік свой, у другую сцяг (даволі вялікі быў сцяг) і, балансуючы па гэтым коніку, ідзе да маланкаадвода. Спакойна прывязвае там сцяг на вачах усіх рэдакцый і мінакоў. І вяртаецца назад».

Павел Севярынец прызнаецца, што гэта была адна з самых небяспечных прыгодаў у ягоным жыцці:

«Як мы спаўзлі — там яшчэ спаўзці назад была праблема, — да гэтага часу не памятаю».

Як даводзіць Севярынец, гэты ўчынак паказаў непахіснасць і мужнасць Змітра Дашкевіча, які быў гатовы ісці на рызыку дзеля сваіх ідэалаў.

«Зміцер проста паказаў клас. Зміцер рэальна адважны хлопец. І дзеля Беларусі, дзеля сцяга Хрыста, ён гатовы рызыкаваць жыццём, гэта яшчэ тады я зразумеў».

Чытайце таксама:

Павел Севярынец расказаў, што думае пра агента КДБ у шэрагах сваёй партыі Яўгена Дудкіна

«Паша, я табе не веру». Севярынец расказаў, як выпадковая дзяўчына матывавала яго назаўсёды перайсці на беларускую мову

Севярынец пра сваю гісторыю кахання: Гэта нетыпова для сённяшняга свету

Каментары да артыкула