Белы дом пагражае судзіць у ЗША экіпаж захопленага танкера. Масква пацвердзіла, што на борце расіяне
Сітуацыя вакол захопу танкера Marinera (раней Bella 1) набывае ўсё больш сур'ёзны абарот. Белы дом афіцыйна заявіў пра гатоўнасць вывезці экіпаж судна ў Злучаныя Штаты для суда. У сваю чаргу МЗС Расіі пацвердзіла, што на борце знаходзяцца расійскія грамадзяне.
Кадр захопу танкера Marinera
Прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт на брыфінгу паведаміла, што арышт судна быў праведзены Міністэрствам юстыцыі і Міністэрствам унутранай бяспекі ў каардынацыі з вайскоўцамі. Яна пацвердзіла, што судна было затрыманае раніцай у Паўночнай Атлантыцы пасля працяглага адсочвання. Падставай стаў ордар федэральнага суда ЗША.
«Гэты прэзідэнт не будзе цярпець»
Прадстаўніца Белага дома падкрэсліла жорсткую пазіцыю новай адміністрацыі:
«Гэта было судна з венесуэльскага ценявога флоту, якое перавозіла падсанкцыйную нафту. І Злучаныя Штаты Амерыкі за гэтым Прэзідэнтам не будуць гэтага цярпець».
Асобна яна спынілася на лёсе маракоў. Паводле слоў прэс-сакратаркі, судовы ордар распаўсюджваецца не толькі на сам танкер, але і на людзей.
«Гэта азначае, што экіпаж цяпер падлягае судоваму пераследу за любыя парушэнні федэральнага заканадаўства. І ў выпадку неабходнасці яны будуць дастаўленыя ў Злучаныя Штаты для такога судовага разбору», — заявіла Левіт.
Вашынгтон сцвярджае, што судна ішло пад «фальшывым сцягам» і не належыць ніякай краіне дэ-юрэ.
Рэакцыя Масквы і ўдзел Брытаніі
МЗС Расіі афіцыйна пацвердзіла наяўнасць расіян на захопленым судне. Ведамства патрабуе «няўхільна выконваць правы і інтарэсы расіян на «Марынэры» і не перашкаджаць іх вяртанню на радзіму». Дыпламаты адзначылі, што ўважліва адсочваюць паведамленні пра высадку амерыканцаў на борт.
Аперацыя захопу праходзіла пры падтрымцы саюзнікаў. Міністэрства абароны Вялікабрытаніі пацвердзіла, што на просьбу ЗША дала разведвальныя звесткі і сваю інфраструктуру для перахопу парушальніка санкцый.