БЕЛ Ł РУС

Старадрукі, якія выкрадаліся з бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта, вывозіліся ў Маскву праз Мінск

8.01.2026 / 16:32

Nashaniva.com

Польская пракуратура рыхтуецца выставіць абвінавачанні ў пасрэдніцтве ў збыце крадзеных рэчаў Сяргею Бурмістраву — уладальніку маскоўскага аўкцыённага дома і былому эксперту Міністэрства культуры Расіі. Паводле інфармацыі следства, ён меў дачыненне да гандлю рэдкімі кнігамі ХІХ стагоддзя, скрадзенымі з бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта, піша Onet.pl.

Фота ілюстрацыйнае

Ключавую ролю ў крадзяжах адыграў грамадзянін Грузіі Міхаіл З. Ён на працягу некалькіх месяцаў рэгулярна наведваў бібліятэку, выдаючы сябе за даследчыка. Скарыстаўшыся недахопамі кантролю, ён выносіў арыгінальныя кнігі, а на іх месца падкладаў груба зробленыя падробкі. Супрацоўнікі бібліятэкі доўгі час не заўважалі падмены, бо правяралі толькі штрыхкоды.

Такім чынам з бібліятэкі зніклі 78 каштоўных выданняў — у тым ліку першыя выданні Пушкіна, Гогаля, Лермантава і Крылова — агульным коштам каля 3,8 мільёна злотых (каля 1 мільёна даляраў).

Кнігі нелегальна вывозіліся праз Мінск, а аплата выканаўцам рабілася ў крыптавалюце.

Пазней высветлілася, што да справы была датычная цэлая арганізаваная група з грамадзян Грузіі, якая дзейнічала па падобнай схеме і ў іншых краінах Еўропы — у Германіі, Францыі, Аўстрыі, краінах Балтыі. Усяго з еўрапейскіх бібліятэк было выкрадзена каля 170 рэдкіх кніг.

Частка скрадзеных з Варшавы выданняў з’явілася на аўкцыёнах у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Нягледзячы на відавочныя пячаткі бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта, кнігі былі прададзеныя, а аўкцыённы дом атрымаў прыбытак каля мільёна злотых (каля 277 тысяч даляраў).

Следства лічыць, што без маўклівай згоды расійскіх уладаў такі гандаль быў бы немагчымы, аднак прамых доказаў удзелу дзяржавы пакуль няма. Польскія следчыя не выключаюць, што за крадзяжамі стаялі багатыя расійскія калекцыянеры, для якіх такія кнігі сталі сімвалам імперскай настальгіі.

Вярнуць скрадзеныя выданні ў найбліжэйшы час наўрад ці атрымаецца, але ўсе яны ўнесеныя ў міжнародныя рэестры страчаных культурных каштоўнасцяў. Следчыя спадзяюцца, што з цягам часу кнігі могуць усплыць у прыватных калекцыях.

Чытайце таксама:

З еўрапейскіх бібліятэк скралі каля 170 рэдкіх кніг Пушкіна і іншых расійскіх класікаў. Навошта — ніхто не ведае

Еўрапол затрымаў групу грузінаў, якія кралі кнігі рускіх пісьменнікаў з еўрапейскіх бібліятэк

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць

Каментары да артыкула