БЕЛ Ł РУС

Таксісты «Яндэкс Go» папрасілі павысіць тарыфы. У кампаніі паабяцалі падумаць

8.01.2026 / 16:45

Nashaniva.com

Беларускія таксісты, якія супрацоўнічаюць з сэрвісам «Яндэкс Go», звярнуліся ў кампанію з прапановай павысіць базавыя тарыфы. Яны тлумачаць гэта ростам выдаткаў на ўтрыманне аўтамабіляў, падаткаў, збораў і агульным павышэннем заробкаў у краіне. На іх думку, дзейныя расцэнкі ўжо не кампенсуюць рэальныя выдаткі, асабліва калі паездкі выконваюцца без падвышаных каэфіцыентаў, піша abw.by.

Фота ілюстрацыйнае

Кіроўцы прапанавалі павялічыць базавы тарыф за кіламетр і час у дарозе на 35%, зрабіць даражэйшым чаканне, увесці дадатковую надбаўку за начныя паездкі, а ў святочныя дні — значна павышаць кошт. Таксама яны настойваюць на рэгулярным, напрыклад штоквартальным, пераглядзе тарыфаў з улікам статыстыкі Белстата.

У канцы снежня таксісты атрымалі афіцыйны адказ ад прадстаўніцтва «Яндэкс Go» ў Беларусі.

Кампанія падзякавала за прапановы і паведаміла, што пры фармаванні тарыфаў улічвае інтарэсы і перавозчыкаў, і пасажыраў. Там адзначылі, што занадта высокія цэны могуць прывесці да падзення попыту і, як вынік, да зніжэння даходаў саміх кіроўцаў. У той жа час у кампаніі паабяцалі прааналізаваць прапановы і разгледзець магчымасць іх частковай або поўнай рэалізацыі ў 2026 годзе.

Прадстаўнікі асацыяцыі перавозчыкаў лічаць важным сам факт дыялогу і спадзяюцца, што абяцанні не застануцца фармальнасцю.

Яны таксама звяртаюць увагу на больш глыбокую праблему — празмерныя паўнамоцтвы дыспетчараў, якія могуць уплываць на тарыфы і нават адхіляць кіроўцаў ад працы, хоць фармальна яны не з’яўляюцца іх працадаўцамі.

Як адзначаюць і кіроўцы, і пасажыры, цяперашняя сістэма з каэфіцыентамі робіць кошт паездак непрадказальным. Часта бываюць сітуацыі, калі паездка каштуе ніжэй за сабекошт, але адмовіцца ад яе кіроўца не можа без санкцый. У выніку пасажыры сутыкаюцца з адмовамі, а кіроўцы — з нявыгаднай працай.

Многія ўдзельнікі дыскусіі сыходзяцца ў меркаванні, што аптымальным быў бы стабільны, зразумелы тарыф без рэзкіх скачкоў цэн. Павышэнне базавых расцэнак, на думку перавозчыкаў, магло б вырашыць праблему танных паездак і палепшыць якасць сэрвісу.

У той жа час частка кіроўцаў лічыць, што аднаго павышэння тарыфаў недастаткова. Яны заклікаюць да сістэмных змен, празрыстых правіл разліку кошту і строгага выканання заканадаўства, каб і кіроўцы, і пасажыры загадзя разумелі, колькі будзе каштаваць паездка і чаму.

Чытайце таксама:

Кіроўцы «Яндэкс-таксі» ў Беларусі абмяркоўваюць ідэю забастоўкі 15 снежня

«Не павязу». Таксіст у Мінску адмовіўся везці дзіця

У Баранавічах выкрылі фальшывыя курсы навучання таксістаў

Таксіст высадзіў з машыны дзіця, якое затым згубілася

Аляксей Хлястоў, які пайшоў у таксісты, стаў героем інтэрнэту. Беларусы запусцілі флэшмоб, каб падтрымаць спевака з чорнага спісу

Каментары да артыкула