Мінздароўя перавяло сваю сістэму ў рэжым павышанай гатоўнасці
Міністэрства аховы здароўя Беларусі перавяло сістэму аховы здароўя ў рэжым павышанай гатоўнасці. Гэта рашэнне прынятае на фоне аб’яўленага «чырвонага» ўзроўню небяспекі на 9 студзеня праз моцны снегапад і парывісты вецер.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
У Міністэрстве паведамілі, што кіраўнікам галоўных упраўленняў аховы здароўя рэгіёнаў, Камітэту аховы здароўя Мінска і падпарадкаваных устаноў далі аператыўныя заданні для забеспячэння бесперабойнай працы медыцынскай сістэмы.
Асаблівая ўвага нададзеная:
- праверцы гатоўнасці аўтаномных крыніц электразабеспячэння;
- умацаванню дзяжурна-дыспетчарскіх службаў на станцыях хуткай медыцынскай дапамогі і прыёмных аддзяленнях бальніц;
- фармаванню рэзерву брыгад хуткай дапамогі на выпадак росту колькасці выклікаў.
Таксама асобны блок заданняў тычыцца лагістыкі: медыцынскія ўстановы павінны забяспечыць расчыстку ад снегу дарог і пад’ездаў да бальніц, прыёмных аддзяленняў, траўмапунктаў і станцый хуткай дапамогі.
Цыклон «Улі», які накрыў краіну, прывёў да таго, што Белгідрамет упершыню за апошнія паўгода аб’явіў чырвоны ўзровень небяспекі. У большай частцы краіны ідзе моцны снег, ноччу ў паўднёва-ўсходніх раёнах ён чакаецца вельмі моцны. Месцамі прадбачыцца завіруха і снежныя заносы на дарогах. Днём парывы ветру складуць 15—20 м/с, а ноччу — да 24 м/с. Асабліва моцная непагадзь чакаецца ў сталіцы: снег, завірухі, заносы і парывісты вецер.
Чытайце таксама:
Міншчыну накрылі моцны снег і завіруха ВІДЭА