БЕЛ Ł РУС

«Новы этап паўстання»: кронпрынц Ірана заклікаў захопліваць дзяржаўныя ўстановы і пасольствы

12.01.2026 / 8:8

Nashaniva.com

«Свабода Ірана ўжо блізкая… Мы не самотныя. Міжнародная падтрымка хутка прыйдзе», — сказаў Рэза Пехлеві.

Спадкаемец іранскага пасаду Рыза Пехлеві абвясціў пра пачатак «новага этапу нацыянальнага паўстання» з мэтай звяржэння рэжыму Ісламскай Рэспублікі. Пра гэта ён напісаў у сацыяльнай сетцы X.

«На працягу апошніх двух тыдняў, а асабліва цягам апошніх чатырох дзён, вы пахіснулі асновы нелегітымнай Ісламскай Рэспублікі дзякуючы масавым дэманстрацыям па ўсёй краіне.

Цяпер… я абвяшчаю пра пачатак новага этапу нацыянальнага паўстання з мэтай звяржэння Ісламскай Рэспублікі і аднаўлення нашага дарагога Ірана».

Апазіцыйны палітык акрэсліў канкрэтныя мэты для пратэстоўцаў. Унутры Ірана ён заклікаў, апроч кантролю цэнтральных вуліц, лічыць «законнымі мэтамі» ўсе ўстановы, што адказваюць за прапаганду рэжыму аятолаў і за адключэнне сродкаў сувязі.

Пехлеві таксама звярнуўся да супрацоўнікаў сілавых структур з заклікам «стаць на бок народа» і спыніць забойствы суайчыннікаў. Іранцаў, якія жывуць за мяжой, ён заклікаў захопліваць іранскія дыпламатычныя ўстановы.

«Усе іранскія пасольствы і консульствы належаць іранскаму народу. Настаў час упрыгожыць іх нацыянальным сцягам Ірана замест ганебнага сцяга Ісламскай Рэспублікі». — напісаў ён.

Пехлеві падкрэсліў, што павелічэнне колькасці забойстваў мірных дэманстрантаў з боку сілавікоў сведчыць пра «страх рэжыму перад набліжэннем канца».

«Свабода Ірана ўжо блізкая… Мы не самотныя. Міжнародная падтрымка хутка прыйдзе. Чакайце маіх наступных паведамленняў», — заключыў ён.

Чытайце таксама:

Сын апошняга шаха. Хто такі Рэза Пехлеві, чые імя выкрыкваюць паўстанцы іранцы

Масавыя пратэсты ў Іране працягваюцца. Пратэстоўцы заклікаюць да звяржэння аяталы Алі Хаменеі і вяртання Рэзы Пехлеві

Каментары да артыкула