Свет33

Сын апошняга шаха. Хто такі Рэза Пехлеві, чые імя выкрыкваюць паўстанцы іранцы

Многія ўдзельнікі акцый пратэсту, якія праходзяць па ўсім Іране, заклікаюць вярнуць у краіну Рэзу Пехлеві, які жыве ў выгнанні, сына апошняга шаха Ірана. Сам Пехлеві заклікаў іранцаў выйсці на вуліцы і выступіць супраць рэжыму аятол. Што ўяўляе сабой былы спадкаемца трона, і наколькі папулярны ён у Іране?

Фота: інстаграм Рэзы Пехлеві

Шахзадэ («сын шаха», спадчынны прынц) Рэза Пехлеві з дзяцінства рыхтаваўся заняць, калі прыйдзе час, бацькоўскі трон. Але ў 1979 годзе ў краіне адбылася ісламская рэвалюцыя. Рэзе Пехлеві тады было 19 гадоў, і ён вучыўся ў ЗША на вайсковага лётчыка, піша Бі-бі-сі.

З гэтай амерыканскай далечыні прынц назіраў, як яго зрынуты бацька, Махамед Рэза Шах Пехлеві, бег з краіны, шукаў прытулак за мяжой і неўзабаве, ужо ў 1980 годзе, памёр ад раку ў Егіпце.

Спадчынны прынц і яго родныя ў адно імгненне засталіся без радзімы, у выгнанні. Чакаць дапамогі было няма адкуль. Іх атачалі толькі суайчыннікі-манархісты і спачуваючыя, колькасць якіх паступова скарачалася.

У наступныя некалькі дзесяцігоддзяў у шахскай сям'і двойчы здарыліся трагедыі. Малодшыя сястра і брат Рэзы скончылі жыццё самагубствам, і ён застаўся адзіным сімвалічным кіраўніком дынастыі, якая, як многія думалі, канчаткова стала здабыткам гісторыі.

Але цяпер у 65‑гадовага Рэзы Пехлеві зноў з'явілася надзея згуляць нейкую ролю ў фармаванні будучыні яго краіны.

Ён жыве ў ЗША, у ціхім прыгарадзе Вашынгтона. Яго прыхільнікі расказваюць, што жыве ціха, але вельмі адкрыта: часта ходзіць у мясцовыя кавярні, нярэдка — разам з жонкай, і прытым без бачнай аховы.

Калі ў 2022 годзе, падчас папярэдняй хвалі пратэстаў у Іране, яго спыталі, ці бачыць ён сябе ў ролі лідара пратэстнага руху на радзіме, ён і яго жонка Ясмін хорам адказалі: «Перамены павінны пачацца знутры!»

Рэза Пехлеві нарадзіўся ў кастрычніку 1960 года ў Тэгеране. Ён быў першым сынам шаха: папярэднія дзве жонкі манарха нарадзіць спадчынніка не змаглі. Рэзу з дзяцінства гадавалі як спадчынніка прастола.

Ва ўзросце 17 гадоў яго адправілі ў ЗША, у Тэхас, вучыцца на вайсковага лётчыка. Там яго і заспелі рэвалюцыя і звяржэнне бацькі.

З тых часоў Рэза Пехлеві так і жыве ў Злучаных Штатах. Там ён вучыўся ва ўніверсітэце і атрымаў ступень бакалаўра паліталогіі, там у 1986 годзе ажаніўся з Ясмін, доктарам юрыспрудэнцыі і таксама бежанкай з Ірана, там у іх нарадзіліся тры дачкі: Нур, Іман і Фара.

Але ў апошні час тон яго заяў стаў больш рашучым. Пасля ізраільскіх удараў па Іране ў мінулым годзе Рэза Пехлеві заявіў на прэс-канферэнцыі ў Парыжы, што калі Ісламская рэспубліка абрынецца, то ён гатовы ўзначаліць пераходны ўрад. Пасля гэтага ён акрэсліў план дзеянняў гэтага пераходнага ўрада на першыя 100 дзён.

Пехлеві тлумачыць, што гэтая яго выраслая ўпэўненасць у сабе заснавана на ўроках, якія ён атрымаў, жывучы ў выгнанні, і на жаданні, як ён сцвярджае, працягнуць справу бацькі.

«Гаворка не пра тое, каб вярнуцца ў мінулае, — сказаў ён журналістам у Парыжы. — Гаворка пра тое, каб забяспечыць усім іранцам дэмакратычную будучыню».

Спрэчкі пра шахскія часы

У выгнанні Рэза Пехлеві ўсе гэтыя гады быў важнай для іранскіх манархістаў сімвалічнай фігурай.

Для многіх іранцаў эпоха Пехлеві была эпохай мадэрнізацыі і цесных сувязяў з Захадам. Іншыя ж запомнілі яе як эпоху цэнзуры і рэпрэсій шахскай тайнай паліцыі, САВАК.

У 1980 годзе Рэза Пехлеві правёў у Егіпце ўласную каранацыю і абвясціў сябе шахам. Практычнага значэння ў гэтай цырымоніі было няшмат, затое цяпер апаненты Пехлеві заяўляюць, што тая каранацыя прымушае сумнявацца ў шчырасці яго цяперашніх заяў пра дэмакратычныя рэформы.

Рэза Пехлеві і яго жонка Ясмін, фота з інстаграма шаха

Рэза Пехлеві некалькі разоў спрабаваў сфармаваць кааліцыю іранскай апазіцыі ў выгнанні. Так, напрыклад, у 2013 годзе ён абвясціў пра стварэнне Нацыянальнай рады Ірана за свабодныя выбары. Але гэтыя кааліцыі, як правіла, аказваліся разарваныя ўнутранымі рознагалоссямі і мелі мала ўплыву ўнутры Ірана.

Пры гэтым, у адрозненне ад некаторых іншых іранскіх арганізацый у выгнанні, Пехлеві заўсёды адхіляў гвалтоўныя метады і дыстанцыяваўся ад такіх груповак, як, напрыклад, леварадыкальная Арганізацыя маджахедаў іранскага народа.

Пехлеві неаднаразова заклікаў да мірнага пераходу ўлады і арганізацыі рэферэндуму аб будучым палітычным ладзе Ірана.

У апошнія гады ў Іране ўсё часцей згадваюць дынастыю Пехлеві. На дэманстрацыях пратэсту ў 2017 годзе людзі скандавалі імя Рэзы-шаха — дзеда Рэзы Пехлеві.

Восенню 2022 года забойства паліцыяй нораваў Махсы Аміні запусціла хвалю пратэстаў па ўсім Іране, і імя Рэзы Пехлеві зноў з'явілася ў загалоўках навін.

Ён паспрабаваў аб'яднаць раздробленую іранскую апазіцыю, чым прыцягнуў некаторую ўвагу замежжа, але ў выніку не змог скарыстацца гэтым момантам.

Апаненты Рэзы Пехлеві кажуць, што за чатыры дзесяцігоддзі ў выгнанні яму так і не ўдалося стварыць ні жыццяздольную арганізацыю, ні незалежны іранскі сродак масавай інфармацыі.

У 2023 годзе ён пабываў у Ізраілі, дзе наведаў мерапрыемства памяці ахвяр Халакосту і сустрэўся з прэм'ер-міністрам Біньямінам Нетаньяху. З-за гэтага візіту зноў успыхнулі спрэчкі: адны іранцы ўбачылі ў ім прагматычную спробу наладзіць адносіны з ізраільцянамі, іншыя палічылі, што такі жэст адштурхне арабскіх і мусульманскіх саюзнікаў.

Пасля нядаўніх ізраільскіх удараў па Іране Рэзе Пехлеві давялося адказваць на цяжкія пытанні.

Лора Кюнсберг з Бі-бі-сі спытала яго, ці падтрымлівае ён удары Ізраіля па Іране, прытым што пад іх маглі трапіць і мірныя іранцы.

Ён заявіў, што мірныя іранцы не былі цэлямі ўдараў, і што ўсё, што аслабляе іранскі рэжым, вітаюць многія ў тым ліку і ў самім Іране. Вакол гэтых яго заяў зноў успыхнулі гарачыя спрэчкі.

Прыхільнікі і крытыкі

Цяпер Рэза Пехлеві пазіцыянуе сябе не як манарха, які чакае вяртання на трон, а як фігуру, вакол якой можа адбыцца нацыянальнае прымірэнне.

Ён кажа, што хоча дапамагчы прывесці Іран да свабодных выбараў, вяршэнства закона і роўных правоў для жанчын — а рашэнне, аднаўляць манархію ці ж стварыць рэспубліку, як ён лічыць, іранцы павінны прыняць на рэферэндуме.

Яго прыхільнікі лічаць яго адзінай вядомай у свеце фігурай у іранскай апазіцыі, якая выступае прытым за мірныя пераўтварэнні.

Крытыкі пярэчаць, што ён занадта залежыць ад замежжа, і што насельніцтва Ірана наўрад ці паверыць лідару, які прыбыў з эміграцыі.

Наколькі Рэза Пехлеві на самай справе папулярны ў краіне, высветліць цяпер немагчыма: у Іране няма незалежных апытанняў. Хтосьці да гэтага часу з павагай успамінае дынастыю Пехлеві, камусьці не падабаецца ідэя мяняць аднаго нікім не абранага правадыра на іншага, хай нават і пад дэмакратычнымі лозунгамі.

Бацька Рэзы пахаваны ў Каіры. Манархісты спадзяюцца, што калі-небудзь ён будзе ўрачыста перапахаваны на радзіме.

Ці дажыве сын шаха Махамеда Рэзы Пехлеві да гэтага дня, ці да таго дня, калі Іран стане свабодным — адказу на гэтае пытанне ў краіны, якая ўсё яшчэ разбіраецца са сваім мінулым, пакуль няма.

Каментары3

  • ну вось
    10.01.2026
    А то некаторыя не разумеюць, навошта забіваць царскую сям'ю.
  • бабруйчанін
    10.01.2026
    Як далей у Іране ніведаю але перекананы ніякіх шанцаў у гэтага Резы ..
  • але ж...
    10.01.2026
    як зручна прызываць да ўзброенай барацьбы (без зброі, дарэчы - дзе яе пратэстоўцы возьмуць?), седзячы за мяжой...

Цяпер чытаюць

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Усе навіны →
Усе навіны

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро15

19 студзеня будзе сіні панядзелак. Што гэта такое?8

Манах Юравіцкага манастыра памёр у 37 гадоў3

У Крупках продажы семак б’юць рэкорды. Але хто аб’ядае мясцовыя крамы?4

Яшчэ шэсць немаўлят з радзільні ў Новакузнецку, дзе памерлі дзевяць дзяцей, знаходзяцца ў рэанімацыі

Сёння ноччу было да мінус 30°С2

Спявачка Лера Яскевіч падзялілася болем: «Магчыма, я не змагу выпускаць песні пад сваім імем». Што здарылася?4

У Гомелі электрык учыніў восем замыканняў у чужой кватэры і спаліў тэхніку9

Гродзенка паказала распакоўку з крамы: грошы аддала, а ежы амаль няма9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць