БЕЛ Ł РУС

Як за апошні год змянілася колькасць беларусаў з ДНЖ у Польшчы? Цікавая тэндэнцыя

16.01.2026 / 15:46

Nashaniva.com

У Літве апошнія два гады назіраецца прыкметнае скарачэнне колькасці беларусаў з ДНЖ, а 2025 год наогул стаў рэкордным па адтоку. Паглядзелі, як на гэтым фоне выглядае сітуацыя з беларусамі ў Польшчы.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

Масавы адток у Польшчу спыніўся?

На пачатак 2026 года дзейны ДНЖ у Польшчы (любых тыпаў) маюць 141 290 грамадзян Беларусі. З іх 88 461 чалавек мае часовы ДНЖ (Pobyt czasowy), а ПМЖ (Pobyt stały) — 41 771 чалавек. Статус уцекача маюць 1018 беларусаў. Яшчэ каля 10 тысяч маюць ДНЖ, выдадзеныя на розных іншых падставах.

Год таму ў Польшчы налічвалася 142 235 грамадзян Беларусі з ДНЖ усіх тыпаў.

Але гэта розніца не сведчыць пра тое, што беларусаў у Польшчы стала менш. Рэч у тым, што беларусы актыўна атрымліваюць польскае грамадзянства і, адпаведна, выпадаюць з ліку замежных грамадзян з дзейным дазволам на жыхарства.

За 2024 год амаль 5,7 тысячы беларусаў атрымалі польскае грамадзянства (даных за 2025 год пакуль няма). У 2023‑м каля 4,4 тысячы беларусаў атрымалі польскі пашпарт, а ў 2022‑м такіх было каля 3 тысяч.

Колькасць беларусаў, якія атрымалі польскае грамадзянства ў 2023‑2024 гадах. 

Атрымліваецца, што толькі за тры гады з 2022 па 2024 каля 13 тысяч беларусаў атрымалі польскае грамадзянства і выпалі з статыстыкі па замежніках.

Адметна, што на пачатак 2020 года ў Польшчы было ўсяго 14 193 грамадзяніны Беларусі з ДНЖ усіх тыпаў.

За перыяд з 2020 па 2025 год колькасць беларусаў з ДНЖ у Польшчы вырасла ў 10 разоў.

Колькасць грамадзян Беларусі з дзейнымі ДНЖ у Польшчы па стане на 2020 і 2026 гады. Фота: скрыншот з migracje.gov.pl

Для параўнання: дзесяць гадоў таму, у пачатку 2016 года, у Польшчы было ўсяго 4527 грамадзян Беларусі з ДНЖ.

Статыстыка паказвае, што рэкордны прырост назіраўся ў 2021—2023 гадах, пасля чаго рост пачаў запавольвацца, а за апошні год спыніўся.

Гэтыя звесткі паказваюць, што ў 2025‑м ужо не было такой хвалі ад'езду з Беларусі.

Як выглядае карціна разам з Літвой?

Літва займае другое месца па папулярнасці сярод беларусаў пасля Польшчы. Там ужо два гады запар скарачаецца колькасць трымальнікаў ДНЖ з беларускімі пашпартамі. За 2024 год было мінус 4656 чалавек, а за 2025‑ы — яшчэ мінус 7225. Ад пікавых паказчыкаў скарачэнне склала 12 588 асоб: 50 286 чалавек цяпер супраць 62 844 чалавек на 1 красавіка 2024 года.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Пры гэтым важна разумець, што на польскія і літоўскія звесткі трэба глядзець крыху пад розным вуглом. Паколькі ў Літве з 1 ліпеня 2024 года, за некаторымі выключэннямі, замежнікам з трэціх краін нельга працаваць без мясцовага ДНЖ, то ўсе беларускія дальнабойшчыкі, нават тыя, што толькі ўладкаваліся на працу, маюць літоўскі ДНЖ.

У Польшчы ж працоўныя візы выдаюцца па-іншаму, і сярод тых жа дальнабойшчыкаў шмат кіроўцаў з Беларусі, якія гадамі працуюць па візах і ДНЖ не маюць, бо не хочуць замарочвацца афармленнем дазволу на жыхарства, паколькі не плануюць жыць у Польшчы.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Такім чынам атрымліваецца, што ў выпадку з Польшчай працэнт трымальнікаў ДНЖ, якія рэальна пражываюць у гэтай краіне, нашмат большы, чым у Літве.

Адначасова ў Польшчы можа быць нямала людзей, якія жывуць па візе, атрыманай па карце паляка, або ў чаканні атрымання ДНЖ (тым больш што тэрмін чакання вырас). Тым не менш статыстыка паказвае, што менавіта масавы адток насельніцтва з Беларусі, які мы назіралі ў папярэднія гады, спыніўся.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула