БЕЛ Ł РУС

Мая Санду выступіла за аб'яднанне Малдовы з Румыніяй

12.01.2026 / 22:10

Nashaniva.com

Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што ў выпадку правядзення рэферэндуму аб аб’яднанні Малдовы з Румыніяй яна асабіста падтрымала б такую ідэю. Пра гэта яна расказала ў падкасце для брытанскіх журналістаў, піша «Еўрапейская праўда».

Мая Санду. Фота: Artur Widak/NurPhoto via Getty Images

Па словах Санду, напрыканцы 1980‑х гадоў, калі ў рэгіёне актыўна развіваўся рух нацыянальнага адраджэння, тэма ўз’яднання з Румыніяй на яе радзіме шырока абмяркоўвалася. Малдова мела гістарычную сувязь з Румыніяй і да 1940 года ўваходзіла ў склад румынскай дзяржавы, пакуль яе не анексаваў сталінскі СССР. Аднак паколькі рэферэндум на мяжы 1980— 1990‑х не праводзіўся, таму дакладна не вядома, колькі людзей у той час падтрымалі б такое рашэнне.

Адказваючы на прамое пытанне пра сваю цяперашнюю пазіцыю, Санду падкрэсліла, што сама прагаласавала б «за» аб’яднанне. Яна патлумачыла гэта складанай геапалітычнай сітуацыяй вакол Малдовы і ў свеце ў цэлым, адзначыўшы, што невялікай краіне ўсё цяжэй заставацца дэмакратычнай і цалкам суверэннай.

Разам з тым прэзідэнтка Малдовы прызнае, што цяпер у малдаўскім грамадстве няма большасці, якая падтрымлівала б ідэю ўз’яднання з Румыніяй. Затое, паводле яе слоў, большасць грамадзян выступае за ўступленне ў Еўрапейскі Саюз, і менавіта на гэтым шляху ўлады засяроджваюць свае намаганні, бо гэта больш рэалістычная мэта для захавання суверэнітэту краіны.

Пасля нядаўніх выбараў у Малдове румынскія ультраправыя сілы зноў заклікалі да аб’яднання дзвюх краін. Апытанне бухарэсцкай сацыялагічнай кампаніі Avangarde паказала, што амаль палова жыхароў Румыніі падтрымлівае такую ідэю.

Чытайце таксама:

Еўракамісарка ў справе пашырэння: Перад уступленнем у Еўрасаюз краіны-кандыдаткі мусяць зрабіць геапалітычны выбар

Улады Малдовы вырашылі закрыць «Рускі дом» у Кішынёве

Пяскоў папярэдзіў Малдову аб паўтарэнні памылак «адной дзяржавы»

Беларус у Сербіі рыхтаваў прарасійскіх актывістаў для дэстабілізацыі ў Малдове

Малдова паказала, як Пуціну і Лукашэнку можна даваць па зубах і ў гібрыднай вайне

На выбарах у Малдове перамагла праеўрапейская партыя прэзідэнта Санду, прарасійская апазіцыя прайграла

Каментары да артыкула