БЕЛ Ł РУС

У Магілёве дзяўчына спагнала грошы з падлетка, праз якога яна ўпала на эскалатары

13.01.2026 / 17:42

Nashaniva.com

Непрыемны выпадак адбыўся ў маі 2025 года. Дзяўчына ехала на эскалатары на другі паверх гандлёвага цэнтра, калі падлетак, які стаяў перад ёй вышэй, раптам страціў раўнавагу і пачаў падаць. Ён збіў дзяўчыну з ног, і абодва скаціліся ўніз па эскалатары.

Фота ілюстрацыйнае

Пасля падзення пацярпелая адчула моцны боль у вобласці левага пляча, яе машынай хуткай дапамогі даставілі ў траўматалагічны пункт.

Судова-медыцынская экспертыза ўстанавіла, што ў дзяўчыны быў закрыты пералом лапатачнага канца левай ключыцы, а таксама сінякі і драпіны.

Падчас праверкі высветлілася, што прычынай здарэння сталі дзеянні 14‑гадовага падлетка. Ён рухаўся ўніз па сустрэчным эскалатары і, убачыўшы, што насустрач едуць знаёмыя, схапіў аднаго з іх за шыю ў знак прывітання. Хлопец ад нечаканасці страціў раўнавагу і пачаў падаць, збіўшы і дзяўчыну.

Пацярпелая падала пазоў у суд Ленінскага раёна Магілёва, жадаючы атрымаць кампенсацыю маральнай шкоды з падлетка, яго законных прадстаўнікоў, а таксама з уласніка эскалатара. Яна адзначыла, што доўгі час была на бальнічным, не магла паўнавартасна вучыцца і працаваць над дыпломам — а была студэнткай выпускнога курса. Памер маральнай шкоды яна ацаніла ў 25 тысяч рублёў.

Разгледзеўшы матэрыялы справы, суд прыйшоў да высновы, што падзенне адбылося менавіта з-за неасцярожных дзеянняў падлетка, які схапіў знаёмага за шыю. У выніку было прынята рашэнне спагнаць з яго на карысць дзяўчыны 7 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, а пры адсутнасці даходаў у яго самога — з ягоных законных прадстаўнікоў.

Чытайце таксама:

Жанчына з Гомеля нагаварыла праклёнаў па тэлефоне на 450 рублёў

Вінаватага ў гібелі двух дзяцей у ДТЗ пад Воранавам пасадзілі на 8 гадоў

З кіроўцы МАЗа, які збіў насмерць інспектара ДАІ, спагналі 190 тысяч рублёў

Дарожныя штрафы будуць спісваць з карткі аўтаматычна. Але не ва ўсіх выпадках

Каментары да артыкула