Махлярка надурыла 29 чалавек, два гады працуючы пад шыльдай турагенцтва
Следчы камітэт паведаміў пра расследаванне справы аб буйным махлярстве, якое рабілася пад выглядам турагенцтва.
Жанчына, аб'яўленая ў вышук за буйное махлярства. Фота: sk.gov.by
Па матэрыялах следства, з пачатку 2024 года 51‑гадовая мінчанка адкрыла фірму і прапаноўвала паслугі па арганізацыі падарожжаў. На першы погляд усё выглядала законна: з кліентамі заключаліся дамовы, афармляліся заяўкі ў тураператараў, а грошы за туры паступалі на разліковы рахунак кампаніі. Аднак сродкі выкарыстоўваліся не па прызначэнні.
Жанчына пералічвала тураператарам толькі каля пятай часткі ад кошту паездкі. З-за няпоўнай аплаты браніраванні пасля ануляваліся, а пералічаныя сумы вярталіся назад. Атрыманымі ад кліентаў грашыма махлярка не разлічвалася з партнёрамі і не вяртала іх заказчыкам, а накіроўвала на арэнду офіса, заробкі супрацоўнікам, камунальныя і іншыя выдаткі.
Праз некаторы час людзі пачалі атрымліваць паведамленні пра скасаванне тураў нібыта з-за фінансавых памылак. Прадпрымальніца прапаноўвала ім зноў аплаціць паездку цалкам, абяцаючы вярнуць грошы пасля падарожжа. Тыя, хто не пагадзіўся на такія ўмовы, аднак, звярнуліся ў міліцыю.
Следства ўстанавіла, што за два гады жанчына падманула 29 жыхароў Мінска і незаконна завалодала сумай больш за 250 тысяч рублёў. Заведзена крымінальная справа па артыкуле аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Таксама правяраецца магчымы ўдзел жанчыны ў іншых падобных злачынствах.
У Следчым камітэце нагадваюць: перад набыццём турыстычных паслуг варта правяраць рэпутацыю агенцтва, уважліва чытаць дамовы, не пералічваць грошы на асабістыя карткі, захоўваць усе дакументы і з асцярогай ставіцца да занадта танных прапаноў.
Чытайце таксама:
Мінчанка купіла плед і наматрацнік у восем разоў даражэй, чым яны каштавалі
Мінчанка аддала аферыстам больш за 40 тысяч рублёў, якія збірала на лячэнне дзіцяці
«Эфект Долінай» у Баранавічах: як гараджанка прадала кватэру ашуканцам і што было далей