За год колькасць затрыманых украінскіх ухілянтаў, якія спрабавалі ўцячы ў Беларусь, вырасла ў чатыры разы
Колькасць украінцаў прызыўнога ўзросту, якія спрабуюць незаконна трапіць у Беларусь, каб пазбегнуць мабілізацыі, за два гады вырасла больш як у трыста разоў. Беларускі расследавальніцкі цэнтр высветліў, колькі можа каштаваць ухілянтам нелегальнае перасячэнне мяжы, і якія яшчэ краіны яны выбіраюць, каб не служыць.
Фота ілюстрацыйнае
Статыстыка ўцёкаў
У 2025 годзе за спробу перасячэння ўкраінска-беларускай мяжы ўкраінскія памежнікі затрымалі 1424 мужчыны прызыўнога ўзросту, паведамілі журналістам БРЦ і ўкраінскага выдання «Слідство.Інфо» ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны (ДПСУ). Гэта ў чатыры разы больш, чым у папярэднім годзе (326 чалавек), і ў 356 разоў, чым у 2023‑м (4).
«Сёлета (у 2025‑м — рэд.) мы бачым пэўны рост, калі параўноўваць з іншымі гадамі, колькасці тых, каго мы затрымліваем за спробу незаконнага перасячэння мяжы. […] Напрамак мяжы з Беларуссю — ён істотна ніжэйшы па паказніках, чым, напрыклад, мяжа з Румыніяй або мяжа з Малдовай. Але, зноў жа, прырост ёсць», — сказаў журналістам памочнік кіраўніка ДПСУ Андрэй Дземчанка.
У мінулым годзе на ўкраінска-беларускай мяжы затрымалі больш мужчын, чым на ўкраінска-польскай. Калі ў 2024‑м на мяжы з Польшчай злавілі 467 ухілістаў, а з Беларуссю — 326, то летась колькасць тых, хто хацеў трапіць у РБ, вырасла амаль у 4,5 разу.
Паводле даных украінскіх памежнікаў, беларускі напрамак увайшоў у пяцёрку па колькасці затрыманых ваеннаабавязаных. Вышэй — Венгрыя (1841 чалавек), Славакія (2265), Малдова (4937), на першым месцы — Румынія (10066). За беларускай ідуць мяжа з Польшчай (511 чалавек у 2025 годзе) і з Расіяй (адзін чалавек).
Кошт уцёкаў
У каментары журналістам Юрый Шахрайчук, начальнік прэс-службы 9‑га памежнага атрада імя Сечавых Стральцоў, які патрулюе ўкраінска-беларускую мяжу, паведаміў, што сіламі атрада «ўжо было выяўлена больш за 70 арганізаваных злачынных груп, груповак, якія займаюцца менавіта перапраўкай людзей праз мяжу».
Журналіст БРЦ пагутарыў з прадстаўніком адной з такіх груп у Telegram. Той прапанаваў купіць правераны маршрут уцёкаў з Украіны або аплаціць паслугу «пад ключ»: заказаць аўто з дасведчаным кіроўцам, які аб’едзе блокпасты ва Украіне і прывязе да мяжы ў той час, калі на беларускім баку будзе дзяжурыць «свая змена» памежнікаў. За дапамогу ў нелегальным выездзе для двух мужчын суразмоўца папрасіў $16 тысяч. У гэтую суму ўваходзіць арганізацыя ўцёкаў у Беларусь, а потым — у ЕС.
«Глядзіце, вас забяруць з Кіева, вас забяруць з любога пункта. У гэтым няма ніякай праблемы. Вас забяруць проста з дому. […] Вы аплачваеце ўжо калі сядзіце ў машыне. Выключна», — запэўніў ён.
Фота: БРЦ
Падчас дзеяння ваеннага становішча ва Украіне мужчынам ва ўзросце ад 23 да 60 гадоў абмежаваная магчымасць пакідаць краіну. Зрабіць гэта могуць толькі тыя, хто падпадае пад правілы перасячэння мяжы і мае для гэтага адпаведныя дакументы, напрыклад, тыя, хто страціў на вайне блізкіх сваякоў.
Чытайце таксама:
З украінскіх ухілянтаў ад войска ў Беларусі выцягваюць разведвальную інфармацыю
«Гэта сапраўдная небяспека для Украіны». Ва УСУ расце колькасць выпадкаў самаволак і дэзерцірства
СБУ раскрыла схему вывазу ўкраінскіх мабілізаваных у Беларусь